Бернар Арно раскрытыкаваў ідэю падатку на багацце ў Францыі
15- 22.09.2025, 7:37
- 3,730
Фота: Martin Bureau / Pool / Reuters
Найбагацейшы чалавек у Еўропе лічыць, што гэта разбурыць эканоміку.
Заснавальнік LVMH (валодае Christian Dior, Bulgari і Loro Piana) Бернар Арно (ён і яго сям'я займаюць сёмае месца ў рэйтынгу найбагацейшых людзей свету паводле версіі Forbes са статкам $157,1 млрд) лічыць, што ўвядзенне падатку на багацце, які атрымаў назву «падатак Цукмана», у Францыі можа разбурыць эканоміку, паведамляе Bloomberg.
Ён раскрытыкаваў ідэю эканаміста Габрыэля Цукмана, які выступае за 2-працэнтны падатак на статак, што перавышае €100 млн.
Цукман — «перадусім крайне левы актывіст», — заявіў мільярдэр выданню Sunday Times. «Ён выкарыстоўвае свае псеўдаакадэмічныя веды, якія самі па сабе з'яўляюцца прадметам шырокіх дыскусій, дзеля служэння сваёй ідэалогіі (мэта якой — разбурэнне ліберальнай эканомікі, адзінай, што працуе на дабро ўсіх)», — перакананы ён. Арно, чый статак, паводле Bloomberg Billionaires Index, ацэньваецца ў $169 млрд, з'яўляецца найбагацейшым чалавекам у Еўропе.
Увядзенне падатку для багатых падтрымліваюць дэпутаты-сацыялісты. Паводле іх, ён штогод будзе прыносіць у бюджэт €15 млрд.
У інтэрв'ю Reuters Цукман заявіў, што ў многіх краінах самыя багатыя сем'і плацяць менш падаткаў, чым большасць грамадзян, але ў Францыі гэты разрыў асабліва прыкметны.
«Па-першае, мільярдэры ў Францыі практычна не плацяць падаходны падатак, а па-другое, іх статак асабліва хутка рос за апошнія 15 гадоў», — адзначыў ён.