24 снежня 2025, Серада, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да 90 гадоў я нікому не сказаў слова «кахаю»»

14
«Да 90 гадоў я нікому не сказаў слова «кахаю»»

Даўгажыхар з Гомеля ажаніўся з мінчанкай, значна маладзейшай за яго.

У Гомелі пабраліся шлюбам 91-гадовы жаніх і 72-гадовая нявеста. Падрабязнасці незвычайнага рамана, што скончыўся вяселлем, расказалі ў эфіры тэлеканала ОНТ.

Усё пачалося з санаторыя «Бярэзіна», дзе падчас лячэння прыстарэлы жыхар Гомеля пазнаёміўся на танцах з мінчанкай, якая аказалася маладзей за яго на 19 гадоў. Але ў сталым узросце такая розніца ўжо зусім не мае значэння, яе не заўважылі і героі нашай публікацыі. Пётр Хандожка запрасіў Тамару Лепейку на танец, а потым пачаў казаць ёй кампліменты. Пасля танца галантна правёў за руку, учціва пакланіўся. Стрункі, падцягнуты, статны, як сапраўдны вайсковец. Такім упершыню ўбачыла і запомніла свайго будучага мужа мінчанка. На наступны дзень яны зноў сустрэліся і сталі праводзіць усе дні разам.

«Пацалаваліся не адразу, але ён адразу пакарыў мяне чытаннем сваіх вершаў. Маё сэрца растаяла», — узгадвае маладая.

Пасля санаторыя пара раз'ехалася па дамах: Пётр Сямёнавіч — у родны Гомель, Тамара Васілеўна — у Мінск. Але адносіны працягнуліся на адлегласці: спачатку размаўлялі па тэлефоне, праз два месяцы пачалі ездзіць адзін да аднаго ў госці. Дзеці і ўнукі Тамары Васілеўны іх сустрэчам не перашкаджалі, а Пётр Сямёнавіч у свае гады быў адзінокі. Праз два гады мужчына прапанаваў сваёй абранніцы выйсці за яго замуж.

«Да 90 гадоў я ні адной жанчыне не сказаў слова «кахаю», — дзяліўся пажылы гамяльчанін з журналістамі. — Гэта нейкае цяжказразумелае ўзаемнае прыцягненне. Такога я не адчуваў ні да адной жанчыны. А вось да яе адчуў. Лёс пасмяяўся з мяне. Пасмяяўся вясёла, цікава, я не супраць такога смеху».

Цягнуць са вяселлем не сталі. Рэгістрацыя шлюбу была ўрачыстай, хоць і камернай: у зале былі толькі маладыя і рэгістратар.

«Я ўбачыла гэтую іскрынку, яна была цудоўная. Гэта энергетыка проста адчувалася. У мяне не было слоў», — кажа начальніца аддзела ЗАГС Гомельскага гарвыканкама Алеся Андросава, якая праводзіла рэгістрацыю.

Маладажоны ўжо падзялілі будучыя хатнія абавязкі: Пётр Сямёнавіч будзе гатаваць боршч і дранікі, а Тамара Васілеўна — ствараць утульнасць у доме і дбаць пра здароўе свайго мужа. А пакуль маладыя збіраюцца ў вясельнае падарожжа, якое плануюць правесці на моры ў Турцыі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках