24 снежня 2025, Серада, 4:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Літвы: Украіна ўжо дэ-факта інтэгруецца ў НАТА

2
Кіраўнік МЗС Літвы: Украіна ўжо дэ-факта інтэгруецца ў НАТА
Кястуціс Будрыс

Ёсць перадумовы для яе хуткага прыняцця, калі настануць умовы.

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс лічыць, што пытанне аб членстве Украіны ў НАТА зусім не знята з парадку дня, а на практыцы ўжо можна казаць пра дэ-факта плаўную інтэграцыю Украіны ў Альянс.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе».

Міністр пагадзіўся з ацэнкай, што Украіна ўжо ў пэўнай ступені з’яўляецца гарантам бяспекі для ўсходняга фланга ЕС і НАТА дзякуючы набытым за гады вайны досведу, навыкам і тэхналогіям.

«Пагрозы вельмі выразныя, асабліва пасля таго, што адбылося тыдзень таму ў Польшчы, Румыніі, раней і ў Літве, калі да нас заляталі расійскія дроны. Адпаведна, нам патрэбная эфектыўная і адэкватная супрацьпаветраная абарона для процідзеяння беспілотнікам і іншым пагрозам. І мы ведаем, дзе ўзяць усе веды — ва Украіне. Гэта інтэгруе нас не толькі на ўзроўні абароннай прамысловасці, але і палітычна, і на ўзроўні дзяржаўных палітык», — адзначыў міністр.

Будрыс лічыць, што, нягледзячы на «затуханне» публічных заяў пра будучыню Украіны ў НАТА, працэс працягваецца ў іншай форме.

«Тое, што мы назіраем цяпер, — гэта працэс «знізу ўверх», і гэта нешта новае. Дагэтуль дыскусіі пра Украіну ў НАТА вяліся «зверху ўніз», то-бок на палітычным узроўні, і Літва аказвала вам у іх моцную падтрымку... Але палітычныя дыскусіі — гэта адзін падыход, а цяпер у нас ёсць і іншы: калі мы дэ-факта інтэгруемся, дэ-факта супрацоўнічаем. І тады мы аднойчы вырашым, што дамоўленасці аб бяспецы сталі дэ-факта рэальнасцю», — патлумачыў міністр.

Ён падкрэсліў, што не лічыць пытанне аб членстве Украіны знятым з парадку дня.

«На саміце НАТА была ўзгоднена фармулёўка пра далучэнне Украіны «калі дазволяць умовы». Гэта азначае, што калі мы дасягнем адзінадушша — гэта адбудзецца вельмі хутка, як гэта здарылася з нядаўнім уступленнем у НАТА Швецыі і Фінляндыі. Але мы не павінны губляць час і ўжо цяпер дэ-факта інтэгравацца яшчэ больш», — адзначыў Кястуціс Будрыс.

«НАТА — гэта перадусім 5-ы артыкул. А «пяты артыкул» азначае, што я бяру перад вамі абавязацельства памерці за вашу бяспеку, бо гэта таксама мая бяспека. Гэта значыць гэта настолькі асабістае, «інтымнае». Гэта найбліжэйшыя, самыя інтымныя адносіны, якія толькі могуць быць. І так, мы дакладна гэтага дасягнем», — дадаў ён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках