Егіпецкі мільярдэр паведаміў пра намер інвеставаць у ЗША да $50 млрд
6- 22.09.2025, 15:03
- 3,804
Фота: ABC.az
Нассэф Савірыс — самы багаты чалавек Егіпта.
Самы багаты чалавек Егіпта, мільярдэр Нассэф Савірыс, — уладальнік футбольнага клуба «Астан Віла» і хімічнай кампаніі OCI Global, — мае намер інвеставаць да $50 млрд у інфраструктурныя праекты ЗША, перадае Financial Times.
Яго хімічная кампанія OCI Global, якая прадала актывы на $11,6 млрд, аб'яднаецца з сямейнай будаўнічай кампаніяй Orascom Construction. Акцыі новай кампаніі будуць каціравацца ў Абу-Дабі, куды пераехаў і сам Савірыс пасля змянення падатковага заканадаўства ў Вялікабрытаніі.
Аб'яднаная кампанія засяродзіцца на інфраструктурных праектах у ЗША, у прыватнасці на будаўніцтве цэнтраў апрацоўкі дадзеных, выкарыстоўваючы экспертызу Orascom і больш за $1 млрд грашовых сродкаў OCI.
Мільярдэр паведаміў выданню, што яго кампанія плануе на працягу наступнага дзесяцігоддзя інвеставаць у інфраструктуру ЗША, выкарыстоўваючы як уласны капітал, так і сродкі партнёраў.
«Мы бачым найбольшыя магчымасці менавіта ў гэтым сектары», — адзначыў ён. Паводле Савірыса, Orascom валодае ключавой перавагай — будаўнічай экспертызай, як у лідараў рынку Vinci і Ferrovial. Orascom ужо працуе ў сферы інфраструктуры ЗША праз сваю даччыную кампанію Weitz, якую яна набыла ў 2012 годзе.
Савірыс, чый стан Forbes ацэньвае амаль у $9 млрд, з'яўляецца малодшым сынам спачылага Онсі Савірыса, які заснаваў будаўнічую кампанію ў 1950-х гадах і ператварыў яе ў буйную транснацыянальную карпарацыю, якая цяпер называецца Orascom. У 2007 годзе Савірыс прадаў цэментны бізнес Orascom французскай групе Lafarge больш як за €10 млрд.