Кім Чэн Ын пагадзіўся аднавіць дыялог з ЗША
7- 22.09.2025, 15:30
- 2,932
Калі Белы дом здыме патрабаванне аб адмове ад ядзернай зброі.
Напярэдадні кастрычніцкага візіту Дональда Трампа у Паўднёвую Карэю ў мясцовых СМІ разважаюць, ці не паспрабуе прэзідэнт ЗША сустрэцца з лідарам Паўночнай Карэі, як гэта адбылося ў 2019 годзе. Сам Трамп у жніўні заявіў, што хацеў бы ў гэтым годзе сустрэцца з Кімам Чэнам Ынам, з якім, паводле яго слоў, у яго «вельмі добрыя адносіны». Але сам Кім не бачыць цікавасці ў збліжэнні з ЗША — асабліва пасля таго, як тры тыдні таму ён прагуляўся на пекінскім парадзе з лідарамі рэжымаў, якія яго падтрымліваюць.
Перамовы з ЗША магчымыя толькі тады, калі Вашынгтон «адмовіцца ад сваёй вар’яцкай зацыкленасці на дэнуклеарызацыі», — цытуе Financial Times Цэнтральнае агенцтва навін Карэі, якое асвятляла выступленне Кіма перад Вярхоўным народным сходам КНДР. У такім выпадку «няма прычын» не праводзіць перамовы, — заявіў паўночнакарэйскі лідар, адзначыўшы, што ў яго засталіся «прыемныя ўспаміны» пра Трампа.
Падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа яны сустракаліся тройчы, але перамовы не прынеслі ніякіх вынікаў. З тых часоў Кім узмацніў сваю пазіцыю, адмовіўшыся ад ідэі аб’яднання дзвюх Карэяў, якую, хай і тэарэтычна, яго бацька і дзед падтрымлівалі каля 70 гадоў. «Мы не сядзем за стол перамоў з Паўднёвай Карэяй і нічога не будзем рабіць разам», — пацвердзіў ён у нядзелю. Кім таксама працягнуў развіваць сваю праграму ўзбраенняў, у тым ліку ядзерных, і ў гэтым яму ў апошнія гады пачаў дапамагаць Уладзімір Пуцін, якому ён накіраваў каля 14 000 салдат для вайны супраць Украіны. «Мы ніколі не складзем нашу ядзерную зброю, — заявіў Кім. — Свет добра ведае, што робяць ЗША пасля таго, як прымушаюць іншых адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы і раззброіцца».
ЗША будзе няпроста прызнаць Паўночную Карэю ядзернай дзяржавай, — кажа Кім Чжэ Чун, прафесар універсітэта Соган у Сеуле і былы дарадца паўднёвакарэйскага ўрада. Пхеньян цяпер знаходзіцца ў значна меншай ізаляцыі, чым падчас першага тэрміну Трампа, — дадаў ён:
Падобна, што цяпер у Кіма ёсць перавага, таму што на яго баку Кітай і Расія. Кім не адчувае патрэбы сустракацца з Трампам толькі дзеля фотасесіі.