У прыроду Беларусі вярнуўся янот-паласкун?
7- 22.09.2025, 18:36
- 6,532
Звярка выявілі ўпершыню за 35 гадоў.
На трасе М-6 «Мінск — Гродна» каля павароту на Іўе выявілі збітага янота-паласкуна. Як распавёў smartpress.by старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Павел Велігураў, загінулага звярка цяпер даследуюць навукоўцы. Пакуль устаноўлена, што гэта малады самец, крыху старэйшы за два гады, але многае яшчэ трэба высветліць.

Знаходка выклікае пытанні. Біёлаг тлумачыць: у Беларусі засяленне янотаў-паласкуноў у натуральнае асяроддзе адбывалася тройчы яшчэ ў 1950-х. Усе тры спробы рабіліся на поўдні краіны, што даволі далёка ад Іўя; дзве з іх — у цяперашнім Нацыянальным парку «Прыпяцкім», адна — у Столінскім раёне. І апошні раз асобін гэтых зверкоў там фіксавалі ў канцы 1980-х. Улікі, якія праводзіліся ў 2022 годзе, таксама не паказалі наяўнасці янотаў у дзікай прыродзе.
– Пакуль мы не можам дакладна сказаць, ці жыў збіты янот у дзікай прыродзе і ці быў часткай папуляцыі, або гэта адзіночны ўцекач з кантактнага заапарка, ці чыйсьці згублены гадаванец. Ёсць падставы меркаваць, што папуляцыя паласкуноў усё ж ёсць недалёка, у пойме Нёмана. Сляды зверкоў выяўлялі ў Налібоцкай пушчы, там жа яны трапляліся на фотапасткі, – удакладняе Павел Велігураў.
Навуковец дадае, што папуляцыя магла сфарміравацца якраз са збеглых янотаў, якіх утрымлівалі ў няволі. Калі яна ўсё ж існуе, экалагічныя наступствы будуць залежаць ад ступені развіцця «пушыстага супольніцтва». Бо гэты від з’яўляецца інвазійным. Калі яго колькасць істотна вырасце, могуць праявіцца незваротныя негатыўныя наступствы: у першую чаргу значнае скарачэнне колькасці абарыгенных відаў нашай фаўны. Але, каб даведацца больш, спецыялістам Цэнтра трэба будзе дадаткова абследаваць тэрыторыю.
