«Досье»: Навальнага спрабавалі атруціць яшчэ ў 2017 годзе
- 23.09.2025, 4:00
- 6,244
Расследаванне.
Расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, верагодна, упершыню спрабавалі атруціць яшчэ ў пачатку 2017 года ў Кіраве падчас паўторнага разгляду так званай справы «Кіраўлеса». Пра гэта гаворыцца ў расследаванні цэнтра «Досье», які вывучыў даныя пра перамяшчэнні супрацоўнікаў ФСБ, якія, верагодна, датычныя да спробаў атручвання палітыка.
Навальны перажыў замах на атручванне ў 2020 годзе і загінуў у 2024 годзе ў расійскай калоніі, як сцвярджаюць ягоныя паплечнікі, у выніку атручвання. Нядаўна яго ўдава Юлія Навальная заявіла, што дзве замежныя лабараторыі прыйшлі да высновы, што смерць Навальнага стала наступствам атручвання.
Паводле звестак «Досье», Навальнага падчас паездак паміж Масквой і Кіравам у 2016–2017 гадах суправаджала група як мінімум з сямі супрацоўнікаў ФСБ, у якую ўваходзілі, між іншым, тыя ж афіцэры, што і ў 2020 годзе падчас атручвання ў Томску.
Паседжанні суда па справе «Кіраўлеса» пачаліся пятага снежня 2016 года. Праз тыдзень Навальны абвясціў, што будзе балятавацца на пасаду прэзідэнта краіны на выбарах 2018 года, а ў лютым 2017 года суд прызначыў яму пяць гадоў умоўна, вызначыўшы выпрабавальны тэрмін у чатыры гады і штраф у памеры 500 тысяч рублёў.
Расследавальнікі мяркуюць, што ФСБ, верагодна, пачала рыхтавацца да атручвання яшчэ восенню 2016 года: 18 кастрычніка ў Кіраў на некалькі дзён прыязджалі Станіслаў Макшакаў, які ў 2020 годзе, паводле расследаванняў, узначальваў групу, што атруціла Навальнага, і яго падначалены Міхаіл Куклеў.
У снежні 2016 года апазіцыянера суправаджаў афіцэр ФСБ Сяргей Філіпаў. З студзеня 2017 года да яго далучыліся супрацоўнікі Інстытута крыміналістыкі і Другой службы ФСБ: Аляксей Аляксандраў, Канстанцін Кудраўцаў, Аляксандр Самафал, Аляксей Крывашчокаў, Валеры Сухараў і Раман Мезенцаў.
Сем супрацоўнікаў ФСБ, якія сачылі за Навальным, і яшчэ двое, магчыма, удзельнічалі ў падрыхтоўцы аперацыі, як адзначаюць расследавальнікі, — гэта рэкорд, што дазваляе дапусціць, што менавіта ў пачатку 2017 года супрацоўнікі спецслужбы ўпершыню маглі выкарыстаць рэчыва «Навічок» для атручвання палітыка. «Досье» пры гэтым спасылаецца на тое, што Навальны ў 2020 годзе распавядаў, як яму ў 2017 годзе падчас адной з паездак стала блага: «Праз гадзіну пасля ўзлёту мяне прабіў халодны пот, і я адчуў, што мне вельмі-вельмі блага. Настолькі блага, што я зараз памру. Паколькі я быў увесь мокры, я з цяжкасцю дайшоў да прыбіральні, там абмыўся халоднай вадой. Пасядзеў 15 хвілін — і ўсё мінула». Падобныя сімптомы былі і пры атручванні 2020 года, але тады Навальны страціў прытомнасць, яго ўвялі ў штучную кому і доўга лячылі.
Сачэнне, як адзначаецца, хутчэй за ўсё, скончылася напрыканцы 2017 года, бо вядомыя расследавальнікам супрацоўнікі ФСБ перасталі суправаджаць Навальнага ў паездках. Пры гэтым «Досье» не выключае, што, магчыма, гэтую групу на пэўны час змянілі афіцэры, якія пакуль не былі выкрытыя. Акрамя таго, ЦВК забараніла Навальнаму ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, і Навальны стаў радзей ездзіць па краіне.