Эліта будучыні: кіраўнік Nvidia назваў найбольш запатрабаваныя прафесіі ў эпоху ШІ
46- 23.09.2025, 17:10
- 24,418
І гэта зусім не айцішнікі.
Кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг лічыць, што найбольш запатрабаваныя прафесіі ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе будуць не ў офісах, а на будоўлі — сярод электрыкаў, сантэхнікаў і іншых рабочых прафесій.
Паводле яго слоў, штучны інтэлект хутка навучыцца пісаць код лепш за праграмістаў і прадаваць больш дакладна за маркетолагаў. А вось замяніць чалавека, які ўмее пракласці кабель або сабраць сістэму астуджэння для дата-цэнтра, пакуль немагчыма.
«Калі вы электрык, сантэхнік, цясляр, нам спатрэбяцца сотні тысяч такіх людзей, каб пабудаваць усе гэтыя ШІ-заводы. І сектар кваліфікаваных рабочых у кожнай эканоміцы перажыве бум», — заявіў Хуанг падчас выступлення ў Вялікабрытаніі ў інтэрв'ю Channel 4.
Бум у сегменце рабочых прафесій стане найважнейшым фактарам для падтрымкі пашырэння ШІ-інфраструктуры, якая патрабуе пастаяннага нарошчвання рэсурсаў.
«Вам давядзецца будаваць, вам давядзецца штогод падвойваць кадры. І, на маю думку, вы будзеце будаваць інфраструктуру ШІ тут, у Вялікабрытаніі, на працягу дзесяцігоддзя», — растлумачыў Хуанг.