Памёр апошні з братоў Бельскіх, якія партызанілі ў Налібоцкай пушчы
18- 23.09.2025, 18:32
- 13,612
Атрад Бельскіх стварыў у пушчы найбуйнейшы лясны лагер для яўрэяў у акупаванай Еўропе.
У ЗША ва ўзросце 98 гадоў памёр Арон Бельскі, самы малодшы з братоў Бельскіх, якія падчас Другой сусветнай вайны стварылі ў Налібоцкай пушчы найбуйнейшы лясны лагер для яўрэяў у акупаванай Еўропе. Пра гэта паведаміў у Facebook журналіст Дзмітрый Гурневіч.
Да вайны сям’я Бельскіх жыла ў вёсцы Станкевічы каля Налібоцкай пушчы, дзе яны былі адзінымі яўрэямі. У сям’і Давіда і Бэлы Бельскіх было 11 дзяцей. Старэйшы сын, Тувія, вучыўся ў яўрэйскай і польскай школах, служыў у польскім войску, ведаў шэсць моў.

Пасля нямецкага ўварвання ў 1941 годзе сям’я Бельскіх панесла вялікія страты: двух братоў і частку сваякоў нацысты расстралялі, малодшы Арон, тады падлетак, цудам уратаваўся. У снежні 1941 года браты стварылі ў лесе невялікі партызанскі атрад з 17 чалавек. Камандзірам стаў Тувія. З цягам часу атрад вырас да сотняў людзей.
Атрад Бельскіх стаў вядомы тым, што прымаў усіх яўрэяў, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых, у той час як іншыя партызанскія групы часта ім адмаўлялі. Тувія лічыў галоўнай задачай не столькі баявыя дзеянні, колькі выратаванне людзей: «лепш выратаваць адну старую яўрэйку, чым забіць дзесяць немцаў».
З цягам часу лагер ператварыўся ў сапраўдную «вёску ў лесе» — з пякарняй, кавальняй, школай, бальніцай і нават вяселлямі. Пры гэтым атрад таксама вёў баявыя дзеянні: падрываў эшалоны і масты, удзельнічаў у засадах, знішчыў сотні ворагаў. Падчас буйной нямецкай аперацыі «Герман» у 1943 годзе атрад выжыў, схаваўшыся ў балотах.
Усяго браты Бельскія ўратавалі ад знішчэння каля 1230 яўрэяў. Немцы прызначылі вялікую ўзнагароду за галаву Тувіі. Пасля вызвалення Беларусі ўсе браты засталіся жывымі, акрамя Асаэля, які загінуў у Чырвонай Арміі пад канец вайны.
Браты Тувія, Зусь і Арон пасля пераследу з боку НКВД спачатку ўцяклі ў Польшчу, потым у Палестыну, а ў сярэдзіне 1950‑х пераехалі ў ЗША. Там яны жылі ў Брукліне, працавалі ў транспартнай сферы. Тувія памёр у 1986 годзе, Зусь — у 1995-м, а малодшы Арон яшчэ доўга жыў у Маямі аж да ўчарашняга дня.