Дзякуючы крыптавалютам у свеце з'явілася 36 мільярдэраў
13- 23.09.2025, 18:54
- 2,222
Рэзкі рост колькасці крыптабагачоў адбыўся на фоне росту рынку крыптавалют.
Паводле справаздачы кампаній New World Wealth і Henley & Partners «Crypto Wealth Report 2025», у свеце налічваецца 36 крыптамільярдэраў, на 29% больш у параўнанні з папярэднім годам. Колькасць крыптамільянераў з капіталам ад $100 млн вырасла на 38% (да 450). Агульная колькасць крыптамільянераў дасягнула рэкордных 241 700 чалавек. Рэзкі рост колькасці крыптабагачоў адбыўся на фоне росту рынку крыптавалют да $3,8 трлн, перадае The Moscow Times.
Ключавым драйверам стаў рост колькасці біткойн-мільянераў — іх цяпер 145 100, на 70% больш, чым летась. Справаздача падкрэслівае рост цікавасці да крыптавалют сярод пакалення Z (народжаныя не раней за 2010 год), сярод іх 42% інвестуюць у лічбавыя актывы.
Самым багатым крыптамільярдэрам застаецца заснавальнік крыптабіржы Binance Чанпен Чжао, яго стан ацэньваецца ў $62,9 млрд. Ёсць сярод крыптамільярдэраў і выхадцы з Расіі. Сярод іх ураджэнец Каломны, сузаснавальнік Ethereum Віталік Бутэрын са станам каля $1,04 млрд, а таксама стваральнік мэсэнджара Telegram і крыптавалюты Ton Павел Дураў. Паводле дадзеных Bloomberg, стан Дурава ў 2025 годзе дасягнуў $17,1 млрд. У інтэрв'ю ён згадваў, што трымае крыптавалюту ўжо больш за 10 гадоў. Аднак дакладны аб'ём яго асабістых актываў не раскрыты. Крыптавалюты знаходзяцца на балансе Telegram, і Ton забяспечвае палову даходаў мэсэнджару, які цалкам належыць Дураву. Па стане на сярэдзіну 2024 года крыптаактывы кампаніі складалі $1,3 млрд. Рынкавая капіталізацыя звязанай з Telegram крыптавалюты Toncoin перавышае $7 млрд.
Паводле слоў Эндру Амойлса, кіраўніка аддзела даследаванняў New World Wealth, крыптавалюта і золата становяцца асноўнымі альтэрнатыўнымі актывамі для заможных людзей. «У папярэднія дзесяцігоддзі алмазы выкарыстоўваліся для незаўважнага перамяшчэння капіталу праз межы дзякуючы сваім невялікім памерам. Іх месца занялі крыптавалюта і золата», — кажа ён.
Паводле індэксу спрыяльнасці да крыптавалют Henley & Partners, Сінгапур з'яўляецца лідарам па інфраструктуры, інавацыях і рэгуляванні. За ім ідуць Ганконг і ЗША. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Швейцарыя і ААЭ, а ў дзясятку — Мальта, Вялікабрытанія, Канада, Тайланд і Аўстралія.