Лукашэнка падпісаў указ аб праўленні Нацбанка
6- 23.09.2025, 19:00
- 6,648
Дыктатар «ператасаваў» склад праўлення.
Аляксандр Лукашэнка 23 верасня прыняў кадравыя рашэнні адносна складу праўлення Нацыянальнага банка, паведаміла прэс-служба дыктатара. Для гэтага 23 верасня быў падпісаны указ № 341.
«Членамі праўлення Нацбанка прызначаныя Дзяніс Гарэгляд, Таццяна Жданава, Ілона Ледніцкая, Дзмітрый Мурын і Аляксандр Шэўка.
Алена Машніна вызваленая ад пасады члена праўлення Нацыянальнага банка», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Гарэгляд, Ледніцкая, Мурын, Шэўка і раней уваходзілі ў праўленне Нацбанка. Ледніцкая — намесніца старшыні. Таццяна Жданава некалькі гадоў таму згадвалася як намесніца начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Нацбанка. Машніна ў жніўні 2020-га была прызначаная на другі тэрмін у праўленне.
Нагадаем, Лукашэнка 23 верасня расказваў, што даручыў сфармаваць у Нацбанку групу, якая будзе аналізаваць сітуацыю ў эканоміцы. За гэта адказвае кіраўнік Нацбанка, экс-прэм’ер Раман Галоўчанка. У групу павінны ўваходзіць «разумныя, пісьменныя, якія ведаюць эканоміку» спецыялісты.
«І каб яны дапамагалі паралельна з Камітэтам дзяржкантролю. Бо гэта не зусім функцыя Камітэта дзяржкантролю, ведаеш, чым ён павінен займацца. Каб яны мяне інфармавалі і аналізавалі сітуацыю ў эканоміцы. А па грошах жа відаць усё. Ты ж эканаміст, разумееш», — казаў Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.