Аўтапарк «Гомельскага мясакамбіната» распрадаюць за даўгі
6- 23.09.2025, 20:09
- 4,554
У прадпрыемства велізарныя страты.
У Гомелі распрадаюць аўтапарк гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Рэзерв плюс», піша «Флагшток». Тэхніка больш чым на 350 тысяч рублёў выставлена на аўкцыён на пляцоўцы «БелЮрОбеспечение» як арыштаваная маёмасць.
У пераліку ёсць даволі новыя тры грузавыя аўтамабілі GAZ Lubava, кожны з якіх хочуць рэалізаваць па пачатковай цане крыху больш за 65 тысяч рублёў (больш за 21 тысячу долараў). У аб'явах згадваецца, што яны былі ўзятыя пад заклад. У той жа сітуацыі грузавік МАЗ, дзве легкавушкі, аўтобус і аўтакран. Таргі запланаваныя на пачатак кастрычніка.
Як вынікае з іншай аб'явы пра набор работнікаў, ТУП «Рэзерв плюс» — гэта заснаванае ў 2020 годзе даччынае прадпрыемства ААТ «Гомельскі мясакамбінат», якое займаецца аптовым гандлем і лагістыкай мясной прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым сцвярджаецца, што гэта маладая «дынамічна развіваецца кампанія».
Арышт маёмасці не так даўно створанага прадпрыемства сведчыць пра тое, што ў яго галаўной арганізацыі з’явіліся буйныя даўгі, лічыць «Флагшток». У справаздачах аб дзейнасці «Гомельскага мясакамбіната» гаворыцца, што ў апошнія гады прадпрыемства працавала са стратамі.
Чысты ўбытак мясакамбіната ў 2024 годзе склаў 5,540 млн рублёў, а годам раней яшчэ больш — 6,740 млн рублёў.