На Гомельшчыне закрылі дзясяткі дзяржаўных крам
8- 25.09.2025, 19:42
- 8,798
Падрабязнасці.
Маштабную праверку крам арганізавалі ў Гомельскай вобласці. Парушэнняў знайшлі больш чым дастаткова, з-за чаго многія кропкі былі закрытыя, паведамляе Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У верасні спецыялісты наведалі больш за 600 крам і 25 аўтакрам, з іх — 237 аб’ектаў Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства.
Парушэнні — на любы густ і колер: ад бруду ў гандлёвых кропках да пратэрміноўкі.
На чвэрці ўсіх агледжаных аб’ектаў выяўлены парушэнні ў ўтрыманні тэрыторый і кантэйнерных пляцовак, у 19% — у ўтрыманні памяшканняў і абсталявання.
Для правядзення пазачарговага санітарнага дня была прыпыненая праца 52 крам.
Спецыялісты адзначаюць, што значная частка парушэнняў звязаная з недастатковым узроўнем унутранага кантролю за абаротам прадукцыі і халатнасцю работнікаў.
Падчас рэйдаў было выяўлена і выведзена з абароту 428 кг пратэрмінаванай прадукцыі з 99 крам. Палавіна з гэтых кропак належыць ГомельоблПО.
У 12% выпадкаў зафіксаваная рэалізацыя падазроных прадуктаў без маркіроўкі і таварна-суправаджальных дакументаў.
Столькі ж гандлёвых кропак трапіліся на невыкананні тэмпературных умоў захоўвання тавараў.
Допуск у абарот неякаснай прадукцыі з прыкметамі псуты, несваечасовае яе вылучэнне з абароту выяўлены на 6% аб’ектаў.
У цэнтры гігіены запэўнілі, што кантроль за гандлёвымі кропкамі працягнецца, а з крамамі-парушальніцамі правядуць прафілактычную працу.