Bloomberg: Еўропа папярэдзіла Маскву пра гатоўнасць збіваць расійскія самалёты
- 25.09.2025, 22:16
- 4,960
У выпадку правакацый.
Еўрапейскія дыпламаты ў прыватным парадку папярэдзілі Крэмль, што наступная правакацыя з удзелам расійскіх самалётаў скончыцца іх знішчэннем.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Паводле крыніц выдання, дыпламаты ЕС папярэдзілі Расію, што НАТА гатова «адказаць усёй сваёй моцай», калі расійскія самалёты працягнуць парушаць паветраную прастору краін-членаў Альянсу. Прасцей кажучы, расійскія самалёты будуць збівацца.
Падчас сустрэчы ў Маскве паслы Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі заявілі расіянам, што разумеюць: парушэнне — гэта наўмысная тактыка расійскага камандавання войскаў. Сустрэча, паводле суразмоўцаў выдання, была «напружанай».
Тым часам расійскія чыноўнікі адмаўляюць, што іх самалёты парушылі паветраную прастору Эстоніі, і заяўляюць, што нібыта не спрабавалі правакаваць НАТА. Інцыдэнт з атакай дронаў на Польшчу, паводле версіі расіян, нібыта адбыўся выключна з-за памылкі.
Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў на гэтым тыдні публічна схлусіў, што расійскія ваенныя палёты нібыта ўлічваюць міжнародныя правілы. Крэмль працягвае сцвярджаць, што парушэння паветранай прасторы Эстоніі знішчальнікамі МіГ-31К не было.
Паводле крыніц, у прыватным парадку расійскі дыпламат прызнаў інцыдэнты і заявіў еўрапейскім калегам, што правакацыі з боку РФ — гэта нібыта адказ на ўкраінскія атакі на часова акупаваны Крым. Маўляў, гэтыя атакі былі б немагчымыя без падтрымкі НАТА, таму Крэмль абвінавачвае заходнія краіны ў тым, што яны ўдзельнічаюць у вайне супраць расіян.