Беларускае Міністэрства аховы здароўя прайграе бітву з гіпертэнзіяй
7- 27.09.2025, 18:27
- 6,130
Больш за 3 мільёны беларусаў пакутуюць ад падвышанага ціску, але эфектыўна лечацца толькі нямногія.
Гіпертэнзія застаецца адной з галоўных пагроз сусветнаму здароўю і эканоміцы. Яе называюць «ціхім забойцам»: хвароба гадамі не падае сігналаў, пакуль не прыводзіць да інфаркту, інсульту, хранічнай хваробы нырак або дэменцыі. У Беларусі сітуацыя асабліва трывожная: больш за палову дарослых маюць падвышаны ціск, але пад кантролем ён толькі ў кожнага восьмага. Пра гэта сведчаць звесткі новага дакладу СААЗ, з якімі азнаёміўся «Белсат».
«Кожную гадзіну больш за 1000 чалавек паміраюць ад ускладненняў, выкліканых падвышаным артэрыяльным ціскам, і большасць гэтых смерцяў можна прадухіліць», – падкрэслівае ў дакладзе «Сусветны даклад аб гіпертэнзіі 2025» генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус.
Сёння толькі чатыры краіны здолелі дасягнуць таго, што больш за палову людзей з гіпертэнзіяй трымаюць ціск пад кантролем. У той жа час у 99 краінах гэты паказчык не дацягвае і да 20%. Паводле ацэнак СААЗ, гэта велізарны невыкарыстаны патэнцыял для ратавання жыццяў.
Гіпертэнзія падвоілася за тры дзесяцігоддзі і каштуе свету трыльёны долараў
У 2024 годзе каля 1,4 млрд дарослых ва ўзросце 30–79 гадоў жылі з гіпертэнзіяй, але толькі 320 млн мелі артэрыяльны ціск пад кантролем — прыкладна 23%. З 1990 года ўдзельная вага амаль не змянялася, але з-за старэння і росту насельніцтва абсалютная колькасць хворых падвоілася (ў 1990 іх было прыкладна 650 млн).
«Некантраляваны высокі артэрыяльны ціск штогод забірае больш за 10 млн жыццяў, хоць яго можна прадухіліць і вылечыць», – адзначае доктар Келі Хенінг з Bloomberg Philanthropies.
З 2011 па 2025 год сардэчна-сасудзістыя захворванні, уключаючы гіпертэнзію, абышліся краінам з нізкім і сярэднім даходам прыкладна ў 3,7 трлн долараў ЗША. Гэта не толькі прамыя медыцынскія выдаткі, але і страчаная прадукцыйнасць, інваліднасць і заўчасная смяротнасць.
Беларусь адстае ад свету па ўзроўні кантролю гіпертэнзіі
Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у Беларусі ад гіпертэнзіі пакутуюць каля 55% дарослых ва ўзросце 30–79 гадоў, што складае прыкладна 3,2 млн чалавек. Сярод мужчын распаўсюджанасць складае 53%, сярод жанчын — 54%.
Большасць хворых ведае пра свой дыягназ: у 75% захворванне выяўлена. Лекі атрымліваюць 54%, аднак пад кантролем ціск знаходзіцца толькі ў 12%. Пры гэтым сярод мужчын паказчыкі яшчэ горшыя: дыягназ пастаўлены ў 66%, лячэнне атрымліваюць 43%, а пад кантролем ціск толькі ў 8%. У жанчын вынікі вышэй: дыягназ ёсць у 81%, лячэнне атрымліваюць 63%, але ціск удаецца стабілізаваць толькі ў 16%.
Такім чынам, Беларусь прыкметна адстае ад глабальнага сярэдняга ўзроўню кантролю (34%). Сітуацыя адлюстроўвае агульную праблему сістэмы: у большасці гіпертэнзію выяўляюць, але эфектыўнае лячэнне і доўгатэрміновы кантроль удаецца забяспечыць толькі нямногім.
Суседнія краіны: хто спраўляецца лепш
У Польшчы хвароба ахоплівае больш за палову дарослага насельніцтва — 57%. Амаль усе ведаюць пра свой дыягназ (76%), большасць атрымлівае лячэнне (70%), і тут узровень кантролю адзін з самых высокіх у рэгіёне — 39%.
У Літве паказчыкі прыкметна горшыя: гіпертэнзія ёсць у 54% дарослых, але нягледзячы на тое, што дыягназ ставіцца ў трох выпадках з чатырох (75%), а лекі атрымлівае кожны другі (53%), ціск удаецца стабілізаваць толькі ў 16%.
Латвія выглядае трохі лепш: гіпертэнзія сустракаецца ў 50% насельніцтва, выяўляецца ў 75%, лячэнне атрымлівае 58%, а пад кантролем ціск трымаюць 21%.
Ва Украіне распаўсюджанасць ніжэйшая — 46%, аднак і тут кантроль вельмі слабы. Пры тым што дыягназ ёсць у 71% хворых, а лячэнне прызначана 54%, ціск удаецца ўтрымаць у норме толькі ў 17% дарослых.
У Расіі гіпертэнзія дыягнастуецца ў 53% насельніцтва. З іх дыягназ пацверджаны ў 61%, лячэнне атрымлівае 45%, але ціск пад кантролем толькі ў 23%.
Польшча стала адным з прыкладаў для рэгіёна. Тут лячэнне гіпертэнзіі ўбудавалі ў працу паліклінік, зрабілі даступнымі камбінаваныя прэпараты і наладзілі пастаяннае назіранне за пацыентамі. Дзякуючы гэтаму разрыў паміж пастаноўкай дыягназу і рэальным лячэннем удалося прыкметна скараціць.
«Досвед Польшчы паказвае: пры высокай распаўсюджанасці можна дасягнуць адчувальнага прагрэсу, калі ўкараняць фіксаваныя камбінацыі прэпаратаў на першасным звяне, выбудаваць сістэму нагадванняў і рэгістры кантролю», – каментуе прафесар Дагмара Херынг з Медыцынскага ўніверсітэта Гданьска.
Урокі поспеху
У свеце ёсць і іншыя краіны, якія дэманструюць паспяховы досвед барацьбы з гіпертэнзіяй. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі за тры дзесяцігоддзі ўзровень кантролю артэрыяльнага ціску вырас з 5% у 1990 годзе да 56% у 2022-м. Гэта ўдалося дасягнуць дзякуючы сістэмным мерам: скарачэнню спажывання солі, пашырэнню доступу да лекаў і ўключэнню гіпертэнзіі ў базавы пакет паслуг першаснай медыцыны.
Філіпіны таксама дэманструюць прагрэс. Там у шэрагу правінцый была ўкаранаваная ініцыятыва СААЗ HEARTS, накіраваная на паляпшэнне прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў. У пілотных праектах паказчык кантролю артэрыяльнага ціску дасягаў 65% — гэта ў тры разы вышэй за сярэднесусветны ўзровень.
У Бангладэш пасля інтэграцыі праграм па гіпертэнзіі ў сістэму першаснай медыка-санітарнай дапамогі частка пацыентаў з кантраляваным ціскам вырасла з 18% да 58% у тых акругах, якія ўдзельнічаюць у праграмах
Як распазнаць і кантраляваць «ціхога забойцу»
Гіпертэнзія дыягнастуецца, калі артэрыяльны ціск трымаецца на ўзроўні 140/90 і вышэй, і гэта пацверджана пры паўторных праверках. Паводле рэкамендацый СААЗ, пры такіх паказчыках трэба пачынаць медыкаментознае лячэнне. Аптымальны ціск — ніжэй за 120/80.
Надзвычай небяспечныя паказчыкі каля 180/120 і вышэй, асабліва калі яны суправаджаюцца такімі сімптомамі, як моцны галаўны боль, боль у грудзях, задышка, пагаршэнне зроку або раптоўная слабасць у руках і нагах. У такіх выпадках трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.
Рашэнне праблемы гіпертэнзіі для любога чалавека — гэта спалучэнне зменаў ладу жыцця і лекавай тэрапіі. СААЗ рэкамендуе знізіць спажыванне солі да менш як 5 г у суткі, адмовіцца ад тытуню, выдзяляць не менш як 150 хвілін на тыдзень умеранай фізічнай актыўнасці, кантраляваць вагу і абмяжоўваць алкаголь.
Але шмат што залежыць і ад дзяржавы. Каб людзі маглі рэальна лячыцца, патрэбныя даступнасць якасных танаметраў, выразныя пратаколы для лекараў, недарагія і дзейсныя лекі, а таксама сістэма назірання і прафілактыкі для пацыентаў.