Трамп загадаў увесці войскі ў яшчэ адзін амерыканскі горад
7- 27.09.2025, 21:46
- 5,578
Пасля Вашынгтана, Лос-Анджэлеса і Мемфіса войскі накіраваныя ў Портленд.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся накіраваць войскі ў горад Портленд на захадзе краіны, а таксама на аб’екты Службы іміграцыі і мытнага кантролю (ICE). Ён заявіў, што дазваляе прымяняць поўную сілу, калі гэта будзе неабходна, але не ўдакладніў, якім узбраеннем гэтыя войскі будуць забяспечаныя
«Па просьбе міністра ўнутранай бяспекі Крысці Ноэм я даручаю міністру вайны Піту Хегсету накіраваць усе неабходныя войскі для абароны змардаванага вайной Портленда і аб’ектаў ICE, якія знаходзяцца ў асадзе з боку Антыфа і іншых унутраных тэрарыстаў», — напісаў Трамп на платформе Truth Social.
Рашэнне Трампа аб увядзенні войскаў у Портленд стала ўжо чацвёртым па ліку пасля падобных дзеянняў у Лос-Анджэлесе, Вашынгтоне і Мемфісе.
Мэр Портленда Кіт Уілсан, прадстаўнік Дэмакратычнай партыі, раней выступаў супраць увядзення войскаў у горад і адзначаў, што ён не прасіў і не патрабуе ўмяшання федэральнай улады.
У Портлендзе каля офіса ICE пратэсты працягваюцца некалькі месяцаў. Яны выкліканыя абурэннем мерамі адміністрацыі Трампа супраць нелегальнай іміграцыі. У паведамленні Трампа не ўдакладняецца, якія войскі будуць задзейнічаныя ў гэтай аперацыі: Нацыянальная гвардыя ці рэгулярныя ўзброеныя сілы.
Яго заява з’явілася праз некалькі дзён пасля трагедыі ў Тэхасе, дзе ў выніку страляніны на аб’екце ICE загінулі два чалавекі, а адзін пацярпелы знаходзіўся ў крытычным стане.