На перапахаванні Сяргея Пясэцкага выступіў прэзідэнт Польшчы
5- 29.09.2025, 22:13
- 4,484
Сяргей Пясэцкі меў беларускае паходжанне, шматгадовую сувязь з Беларуссю і напісаў раманы пра бандыцкі міжваенны Мінск.
Сёння ў Варшаве перапахавалі прах Сяргея Пясэцкага — удзельніка польска-савецкай вайны, разведчыка і выбітнага пісьменніка з пакручастым лёсам. Ён меў беларускае паходжанне, шматгадовую сувязь з Беларуссю і напісаў раманы пра бандыцкі міжваенны Мінск, паведамляе «Радыё Свабода».
Пасля жалобнай імшы ў Катэдральным касцёле Войска Польскага труну з прахам пісьменніка перапахавалі на вайсковых могілках Павонзкі ў цэнтры Варшавы.
На жалобнай цырымоніі выступіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

«Сёння больш, чым калі-небудзь, нам патрэбныя гісторыя жыцця і літаратура Сяргея Пясэцкага, каб гаварыць праўду пра бальшавізм, пра камуністычную сістэму, пра тое, якой пагрозай для Польшчы і для ўсёй Еўропы ёсць посткамуністычная, неаімперская Расія», — сказаў Наўроцкі.
Ён нагадаў, што Сяргей Пясэцкі яшчэ маладым хлопцам спазнаў «сутнасць бальшавізму і камуністычнай сістэмы». Ён ведаў, што гэта сістэма антыкаштоўнасцяў, зла, хлусні, пагарды да іншага чалавека, — і сваёй думкі не змяніў да самай смерці.

Прыгадаўшы службу Пясэцкага ў польскай разведцы ў міжваенны час, крымінальны прысуд, змаганне ў Арміі Краёвай падчас Другой сусветнай вайны, Караль Наўроцкі адзначыў, што ягоная творчасць была не проста ўзорам выдатнай літаратуры.
Ён назваў ягонае пяро зброяй, якая паказвала сутнасць камуністычнай сістэмы.

Прыгадаўшы службу Пясэцкага ў польскай разведцы ў міжваенны час, крымінальны прысуд, змаганне ў Арміі Краёвай падчас Другой сусветнай вайны, Караль Наўроцкі адзначыў, што ягоная творчасць была не проста ўзорам выдатнай літаратуры. Ён назваў ягонае пяро зброяй, якая паказвала сутнасць камуністычнай сістэмы.
Сяргей Пясэцкі нарадзіўся ў 1899 годзе ў беларускіх Ляхавічах. Падчас польска-бальшавіцкай вайны рэгулярна перасякаў мяжу дзвюх дзяржаў, быў удалым перамытчыкам. У 1926-м, калі яго звольнілі са службы ў Войску Польскім, Пясэцкага арыштавалі за рабункі і пасадзілі ў турму. Спачатку асудзілі да смяротнага пакарання, затым замянілі 15 гадамі турмы. Але праз 11 гадоў вызвалілі датэрмінова.

Якраз у зняволенні раскрыўся пісьменніцкі талент Пясэцкага. Раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» стаў культавым і быў перакладзены на 16 моваў свету, у тым ліку на беларускую.
У гэтым творы ён падрабязна і яскрава апісаў насычанае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў, сведкам якога быў сам.
Па-беларуску таксама выйшлі кнігі Пясэцкага «Яблычак», «Гляну я ў аконца», «Багам ночы роўныя», «Жыццё раззброенага чалавека».
З 1944 года Пясэцкі жыў у Вялікай Брытаніі, дзе і памёр ад раку лёгкіх 61 год таму. Цяпер ягоная магіла — у сталіцы Польшчы.

