У Расіі пасля ўдараў дронаў пачалася паніка ў Валгаградскай вобласці
9- 10.01.2026, 9:18
- 25,410
Гарыць нафтабаза, жыхароў рыхтуюць да эвакуацыі.
У Валгаградскай вобласці РФ паскардзіліся на атаку дронаў на нафтабазу. Усюдыісныя «абломкі» справакавалі на аб’екце пажар, піша OBOZ.UA.
Разглядаецца магчымасць эвакуацыі «жыхароў навакольных дамоў». Наступствы атакі пацвердзіў губернатар Валгаградскай вобласці Андрэй Бачараў.
Што вядома
Пра тое, што ў Акцябрскім раёне Валгаградскай вобласці пасля начной атакі ўспыхнуў пажар на нафтабазе, мясцовы губернатар паведаміў каля 5 гадзінаў раніцы па кіеўскім часе. Усё, вядома ж, з-за «абломкаў», бо атаку расійскія сілы СПА, як заўсёды, «адбілі».
«Сёння ўначы падраздзяленні СПА міністэрства абароны Расіі адбіваюць тэрарыстычную атаку беспілотных лятальных апаратаў на тэрыторыі Валгаградскай вобласці. У Акцябрскім раёне ў выніку падзення абломкаў БПЛА зафіксаваны ачаг узгарання на нафтабазе. Пажарныя і аператыўныя службы, а таксама супрацоўнікі муніцыпальнага ўтварэння працуюць на месцы інцыдэнту... Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма», — адзначыў Бачараў.

Прыкметна, што, у адрозненне ад мноства іншых атак, у сеціве на момант публікацыі навіны кадраў з месца падзей адшукаць не ўдалося. Аднак ужо сам факт прызнання мясцовымі ўладамі «ўзгарання» можа сведчыць пра тое, што наступствы даволі сур’ёзныя.
Губернатар не ўдакладніў, пра якую менавіта нафтабазу ідзе гаворка. Аднак яго заўвага пра тое, што «на выпадак эвакуацыі жыхароў бліжэйшых дамоў прыведзены ў гатоўнасць ПВР у Акцябрскай школе №2» і пра задзейнічанне «супрацоўнікаў муніцыпальнага ўтварэння» ў ліквідацыі наступстваў атакі дазваляе меркаваць, што атакованая нафтабаза размешчаная ў пасёлку Акцябрскі. Нафтабаза, што там знаходзіцца, ужо станавілася аб’ектам пільнай увагі Сіл абароны, у прыватнасці 27 ліпеня мінулага года.

Акрамя адсутнасці відэа і фота з месца пажару ў гэтай атаке ёсць яшчэ адна дзіўнасць. Пакуль губернатар расхвальваў расійскую СПА, якая «адбівае тэрарыстычную атаку» Сіл абароны па законнай ваеннай мэце, у мінбароны РФ у традыцыйнай «зводцы» пра «перахопленыя і знішчаныя» БПЛА заявілі пра нібыта збіццё 59 дронаў. Але Валгаградскай вобласці ў пераліку рэгіёнаў, дзе працавала СПА, у гэтай «зводцы» няма.

Тым не менш, пасля 4 гадзінаў раніцы ў Валгаградскай вобласці чарговы раз абвясцілі «беспілотную небяспеку», а аэрапорт Валгаграда спыніў працу.

