Адмыслоўцы назвалі дакладны час, калі варта піць каву
9- 10.01.2026, 9:51
- 8,930
Кафеін дзейнічае даўжэй, чым нам здаецца.
Людзі п'юць каву з розных прычын, але чым больш яны яе п'юць, тым мацней залежаць ад яе, калі гаворка пра патрэбу дадаць сабе энергіі цягам дня. Аднак варта ўстрымацца ад кавы як мінімум за 4–6 гадзін да сну.
Некаторыя людзі вельмі адчувальныя да кафеіну, і ім важна перад сном не ўжываць каву. Адмыслоўцы назвалі дакладны час, калі варта ўжываць улюбёны напой.
Пра гэта піша GoodHousekeeping.
Даследаванні паказалі, што кафеін дзейнічае даўжэй, чым нам здаецца. Ён можа заставацца актыўным у арганізме ад пяці да сямі гадзін, а часам і больш. Таму кава, выпітая а 15:00, цалкам здольная перашкодзіць заснуць увечары.
Дозы звыш 300 мг, то-бок некалькі кубкаў кавы, стабільна пагаршаюць якасць сну, а кафеін за шэсць гадзін да адпачынку можа забраць больш за гадзіну сну. Кафеін трапляе ў кроў праз 40 хвілін пасля ўжывання напою.
«Кафеін можа змяншаць глыбокія фазы сну і скарачаць агульны час адпачынку, нават калі чалавеку здаецца, што ён спаў нармальна», — патлумачыла лекар-неўролаг Лінэт Гогол.
Яна таксама падкрэслівае, што кафеін — гэта стымулятар, на які арганізм рэагуе выкідам гармона стрэсу, картызолу, з-за чаго, у сваю чаргу, узровень цукру ў крыві павышаецца. Пасля кароткатэрміновага ўсплёску энергіі цела разумее, што гэты цукар насамрэч не патрэбны, і тады за справу бярэцца інсулін, каб узровень цукру знізіўся.