Трамп пра Грэнландыю: Калі мы гэтага не зробім, Расія або Кітай захопяць
31- 10.01.2026, 10:00
- 7,654
Прэзідэнт ЗША патлумачыў свае намеры.
Амерыканскі лідар Дональд Трамп заявіў, што ЗША маюць намер «нешта зрабіць з Грэнландыяй», інакш яе захопяць Расія або Кітай, а Вашынгтон не хоча мець такіх суседзяў.
Пра гэта паведамляе Белы дом.
У Трампа спыталі, колькі грошай ён плануе даць жыхарам Грэнландыі, каб яны згадзіліся на пераход аўтаноміі ў уласнасць ЗША — у кіраўніка Белага дома разглядалі і такі варыянт (ішла гаворка пра 100 тысяч долараў у адныя рукі). Прэзідэнт ЗША адказаў наступнае:
«Я пакуль не кажу пра грошы за Грэнландыю. Магчыма, я буду гаварыць пра гэта, але цяпер мы збіраемся нешта зрабіць з Грэнландыяй, падабаецца ім гэта ці не. Бо калі мы гэтага не зробім, Расія або Кітай захопяць Грэнландыю, а мы не хочам мець у якасці суседзяў РФ або КНР», — сказаў амерыканскі лідар.
Ён таксама дадаў, што імкнецца да пагаднення простым спосабам, аднак, калі гэтага не ўдасца зрабіць, Штаты будуць гатовыя пайсці складаным шляхам.
Яшчэ Трамп падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам Даніі, якая «была да яго добрай», але «той факт, што 500 гадоў таму там высадзіўся карабель, не азначае, што яны валодаюць гэтай зямлёй».
«Мы не дазволім Расіі або Кітаю акупаваць Грэнландыю, а менавіта гэта яны і зробяць, калі мы нічога не зробім. Мы нешта зробім з Грэнландыяй — або па-добраму, або па-дрэннаму», — падсумаваў амерыканскі лідар.