Прэзідэнтка Еўракамісіі заявіла пра поўную падтрымку пратэстаў у Іране
1- 10.01.2026, 20:16
- 1,640
Яна заклікала да неадкладнага аднаўлення ў краіне поўнага доступу да Інтэрнэту.
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ЕС цалкам падтрымлівае антыўрадавыя пратэсты ў Іране, якія жорстка разганяюць сілавікі.
Як адзначыла прэзідэнтка ЕК у X, пратэстоўцы ў Тэгеране і іншых іранскіх гарадах патрабуюць «свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды перамяшчэння і, найперш, свабоды жыць».
«Еўропа цалкам падтрымлівае іх. Мы рашуча асуджаем жорсткае падаўленне гэтых законных дэманстрацый. Вінаватых запомняць як людзей, якія апынуліся на няправільным баку гісторыі», — падкрэсліла фон дэр Ляен.
Яна заклікала да неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных дэманстрантаў, да аднаўлення поўнага доступу да Інтэрнэту, а таксама да павагі асноўных правоў чалавека.
У Іране з 28 снежня працягваюцца масавыя пратэсты. Спачатку праз абвал нацыянальнай валюты і велізарную інфляцыю страйк абвясцілі гандляры на Вялікім базары ў Тэгеране. Потым пратэсты ахапілі амаль усю краіну. Праз 10 дзён пад кантроль пратэстоўцаў перайшлі два гарады на захадзе Ірана.
Паводле апошніх звестак, падчас пратэстаў загінулі больш за 50 чалавек.
Паведамляецца, што кіраўнік Ірана Алі Хаменеі лічыць сітуацыю пагрозлівай і нават распрацаваў план уцёкаў у Расію.