У «Арэшніку» Пуціна знайшлі дэталі часоў Юрыя Гагарына
9- 11.01.2026, 13:33
- 11,628
Унутр ракеты зазірнуў карэспандэнт CNN.
Украінскія інжынеры раскрылі, разабралі і даследавалі гіпергукавую ракету «Арэшнік», якая ўдарыла па Дніпру яшчэ 21 лістапада 2024 года. У ёй удалося знайсці дэталі, датаваныя часамі Савецкага Саюза: гіраскоп і лямпу.
Унутр ракеты зазірнуў карэспандэнт CNN Нік Патон-Уолш.
Пра знаходжанне дэталяў вытворчасці СССР заявіў кіраўнік лабараторыі ваенных даследаванняў Кіеўскага навукова-даследчага інстытута судовых экспертыз Андрэй Кульчыцкі. «Вось гіраскоп з «Арэшніка». Яшчэ Юра Гагарын з такім лятаў», — падкрэсліў эксперт у інтэрв’ю.
Кіраўнік даследчай групы катэгарычна не згодны з запэўненнямі Уладзіміра Пуціна пра тое, што «Арэшнік» — звышсучасная зброя, ракета наступнага пакалення. Кульчыцкі назваў звышгукавую ракету «расійскім стар’ём», падкрэсліўшы, што крамлёўскі дыктатар можа «карміць» расіян любай дэзінфармацыяй, бо «народ слухае».
«Стар’ё і ўсё расійскае. Мы знайшлі лямпы, савецкія лямпы», — рэзюмаваў суразмоўца СМІ. Ракету даўно даследуюць, і ў ёй выявілі элементы ракеты «Булава», а таксама іншыя дэталі, вырабленыя 9–10 гадоў таму.