Ласі выйшлі на дарогу пад Гомелем
2- 11.01.2026, 18:28
- 3,634
Жывёл прыцягвае соль.
На Гомельшчыне ласі пачалі выходзіць проста на праезную частку. Жывёл прыцягвае соль, якой узімку пасыпаюць дарогі: ласі спыняюцца і пачынаюць лізаць пасыпаны асфальт.
Відэа з ласамі на трасе Гомель – Ветка апублікаваў тэлеграм-канал «Гомель. Галоўнае!». На кадрах відаць, як жывёлы выходзяць да дарогі, аўтамабілістам даводзіцца спыняцца.
Галоўны ляснічы Аляксандр Грышчэня раней тлумачыў выданню «Смалявічы 24», як кіроўцам паводзіць сябе пры сустрэчы з ласамі. У першую чаргу знізіць хуткасць — асабліва ў змярканні і паблізу лесапалос. Сігналіць нельга: рэзкі гук можа напалохаць жывёлу і справакаваць яе на непрадказальныя дзеянні. Не варта выкарыстоўваць і дадатковыя святлавыя прыборы — ёсць шанец, што звер спакойна перабяжыць дарогу, не звяртаючы ўвагі на аўтамабіль.
Калі лось стаіць на дарозе і ліжа соль, яго рэкамендуецца аб’язджаць на мінімальнай хуткасці, пры гэтым пакідаючы сабе магчымасць для рэзкага паскарэння. Асаблівую небяспеку ўяўляюць самкі з маладняком: дарослыя жывёлы ў такой сітуацыі могуць напасці.