12 студзеня 2026, панядзелак, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гістарычны шанец

1
Гістарычны шанец

Рэжым аятол і пуцінская сістэма ўлады — звёны аднаго ланцуга.

У аўторак прэзідэнту ЗША Дональду Трампу павінны прадставіць варыянты магчымых крокаў Вашынгтона ў адказ на жорсткае падаўленне агульнанацыянальных пратэстаў у Іране.

Як паведамляе The Wall Street Journal, у Белым доме абмяркоўваецца шырокі спектр мер — ад кібераперацый і пашырэння санкцый да падтрымкі пратэстоўцаў з дапамогай доступу да інтэрнэту і нават патэнцыйных ваенных удараў. Пры гэтым, паводле выдання, канчатковых рашэнняў пакуль не чакаецца. У абмеркаванні, як паведамляецца, возьмуць удзел дзяржсакратар Марка Рубіо і міністр абароны Піт Хегсет.

Аднак развіццё падзей можа апярэдзіць графік амерыканскіх абмеркаванняў. Ужо цяпер пратэстамі ахоплены практычна ўсе буйныя і сярэднія гарады Ірана. У адказ кіруючы муллакратычны рэжым ужывае свой традыцыйны і, па сутнасці, адзіны інструмент — маштабны і дэманстратыўны гвалт супраць уласнага насельніцтва.

Паводле інфармацыі тэлеканала Iran International, іранскія сілы бяспекі адкрываюць агонь на паражэнне па дэманстрантах. Папярэднія даныя сведчаць пра масавыя ахвяры. Амаль па ўсёй краіне адключаны інтэрнэт, што істотна абмяжоўвае доступ да поўнай і дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца.

Тым не менш нават скрозь інфармацыйную блакаду працягваюць паступаць трывожныя сведчанні. На відэазапісе, перададзеным рэдакцыі Iran International з горада Кахрызак, зафіксаваныя целы, пакладзеныя ў мяшкі для трупаў. Відавочцы сцвярджаюць, што на месцы пратэстаў знаходзіліся дзесяткі такіх мяшкоў, а яшчэ больш целаў было складзена ў суседнім прамысловым памяшканні. Двое мясцовых жыхароў, якія шукалі зніклых сваякоў, распавялі журналістам, што бачылі там больш як 400 целаў.

Медыцынскія крыніцы пацвярджаюць маштаб трагедыі. Толькі ў пятніцу ў бальніцу Мадані ў Караджы даставілі 44 целы, яшчэ 36 — у бальніцу Гаем у тым жа горадзе. Лекар з паўночнага горада Рашт паведаміў, што толькі ў адну медыцынскую ўстанову паступіла не менш як 70 загінулых. Аналагічныя паведамленні прыходзяць і з іншых рэгіёнаў краіны — плынь целаў не спыняецца.

Адключэнне інтэрнэту, якое пачалося 8 студзеня, стала для рэжыму інструментам утаення злачынстваў. Аднак, як падкрэсліваюць журналісты Iran International, колькасць і рэгулярнасць звестак, што паступаюць, дазваляюць зрабіць адназначную выснову: па ўсёй краіне супраць пратэстоўцаў ужываецца смяротная сіла.

Фактычна цяперашні іранскі рэжым, які развязаў тэрор супраць уласнага народа, страціў рэшткі палітычнай і маральнай легітымнасці. Гэта ўжо не пытанне ўнутранай палітыкі, а праблема міжнароднай адказнасці. Дэмакратычныя дзяржавы свету — і перш за ўсё Злучаныя Штаты — не маюць права заставацца ўбаку, калі цэлы народ змагаецца за вызваленне ад улады аятол.

Прычыны пратэстаў маюць сістэмны характар. Іран перажывае глыбокі эканамічны крызіс: імклівая інфляцыя, абясцэньванне нацыянальнай валюты, рост цэн на прадукты, паліва і жыллё зрабілі жыццё мільёнаў людзей невыносным. На гэтым фоне кіруючая вярхушка казачна ўзбагацілася, пабудаваўшы карумпаваную сістэму пераразмеркавання рэсурсаў на карысць вузкага кола элітаў.

Замест інвестыцый у эканоміку і сацыяльную сферу рэжым працягвае траціць каласальныя сродкі на ўтрыманне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, на рэпрэсіўны апарат унутры краіны, а таксама на фінансаванне тэрарыстычных арганізацый па-за яе межамі — «Хізбалы», ХАМАС і «Ісламскага джыхаду».

Ва Украіне гэта разумеюць асабліва добра. Муллакратычны Іран з’яўляецца саюзнікам пуцінскай Расіі. Пастаўкі сотняў і тысяч беспілотнікаў Shahed краіне-агрэсарцы — толькі найбольш прыкметная частка супрацоўніцтва двух рэжымаў, аб’яднаных нянавісцю да свабоды, дэмакратыі і чалавечага жыцця.

Іранскія пратэсты — гэта не проста ўнутраны крызіс. Гэта гістарычны шанец пакласці канец рэжыму, які дзесяцігоддзямі экспартуе гвалт і нестабільнасць далёка за межы сваёй краіны. Рэжым аятол і пуцінская сістэма ўлады — звёны аднаго ланцуга. І абодва яны павінны сысці ў нябыт, каб свет, урэшце, змог дыхаць вальней і спакайней.

Хікмет Джавад, «Гордон»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках