Белгарадскі губернатар заявіў пра «катастрофу» ў энергетыцы
17- 12.01.2026, 13:49
- 8,834
З-за ўдараў ЗСУ.
У Белгарадскай вобласці Расіі пачнуць шукаць «правакатараў» сярод тых, хто незадаволены рэакцыяй уладаў на адключэнні электраэнергіі з-за ўкраінскіх атак. Даручэнне правесці адпаведны маніторынг жыхароў рэгіёна даў губернатар Вячаслаў Гладкоў. «Кожная складаная сітуацыя выклікае агрэсію ў нашых ворагаў, [ворагаў] дзяржавы, якія ёсць звонку. Бачым павелічэнне інфармацыйных атак з украінскага боку. Бачым, што ёсць атакі і з боку ўнутраных ворагаў», — цытуе Гладкова The Moscow Times.
Паводле слоў губернатара, сабраная ўладамі інфармацыя пра спробы «сфармаваць сацыяльную напружанасць» будзе перадавацца сілавікам, каб тыя маглі прыцягваць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці асоб, замешаных у гэтым. Гладкоў адзначыў, што «правакатары» імкнуцца «падняць хвалю незадаволенасці і так у надзвычай складанай абстаноўцы», калі страты энергетычных магутнасцяў з-за абстрэлаў набылі «амаль катастрафічныя» маштабы. «У такім аб’ёме такія праблемы мы яшчэ не перажывалі… [адключэнне электраэнергіі] можа ахапіць усю Белгарадскую вобласць, а гэта 1,5 млн чалавек», — папярэдзіў губернатар.
«Людзям і так цяжка. Да ўсіх праблем, звязаных з абстрэламі, паніжэннем тэмпературы, снегападамі, яшчэ прыходзяць і спрабуюць [нагнятаць]… Вядома, людзі пачынаюць яшчэ больш абурацца, не задумваючыся пра наступствы», — дадаў Гладкоў.
Ён таксама паскардзіўся на федэральныя гандлёвыя сеткі, якія недастаткова абсталявалі генератарамі свае крамы, з-за чаго тыя былі вымушаныя закрыцца пасля адключэння электраэнергіі. У сувязі з гэтым улады рыхтуюць зварот у пракуратуру.
9 студзеня больш за 550 тысяч жыхароў Белгарадскай вобласці засталіся без святла і цяпла ў выніку ракетнага ўдару ЗСУ па аб’екце інжынернай інфраструктуры. Яшчэ каля 200 тысяч засталіся без вады. Тады Гладкоў заявіў пра «крайне няпростую» сітуацыю і заклікаў жыхароў набываць генератары самастойна, адзначыўшы, што рэзервовая генерацыя не здольная кампенсаваць страты электраэнергіі ў поўным аб’ёме.
Паводле звестак «Пепла», удар быў нанесены па падстанцыі «Сторожева» і ЦЭЦ «Луч». Апошняя з’яўляецца адной з асноўных ЦЭЦ Белгарада, працуе на газе і забяспечвае значную частку горада.