Нападнік мінскага «Дынама» Шыпачоў першым у гісторыі КХЛ набраў тысячу ачкоў
1- 12.01.2026, 23:05
Каб дасягнуць гэтага рубяжа, хакеісту спатрэбілася 1102 гульні ў лізе.
Мінскае «Дынама» паспяхова пачало першую хатнюю серыю ў 2026 годзе, адолеўшы ўладзівастокскі «Адмірал» у матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Выніковы лік сустрэчы – 2:1 на карысць «зуброў».
Выніковую перадачу ў гэтым матчы аддаў расійскі легіянер «зуброў» Вадзім Шыпачоў, які набраў сваё 1000-е ачко ў КХЛ.
Каб дасягнуць гэтага рубяжа, Шыпачову спатрэбілася 1102 гульні ў лізе — за гэты час ён закінуў 314 шайбаў і зрабіў 686 выніковых перадач. У сезоне 2024/2025 Вадзім Шыпачоў таксама пабіў рэкорд Сяргея Мазякіна па агульнай колькасці ачкоў у лізе. Зараз яму належаць бамбардзірскі і асістэнцкі рэкорды КХЛ, а таксама рэкорд па колькасці згуляных матчаў.
На міжнароднай арэне Шыпачоў — алімпійскі чэмпіён 2018 года, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2022 года, чэмпіён свету 2014 года і неаднаразовы прызёр сусветных першынстваў.
Пасля гэтай перамогі мінчукі з 59 ачкамі захавалі трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі. Ад тых, хто ідзе вышэй, «Лакаматыва» і «Северсталі», «Дынама» адстае на два балы, пры гэтым канкурэнты правялі на два матчы больш.