Зяленскі падтрымаў пратэсты ў Іране
- 13.01.2026, 23:54
Па словах прэзідэнта Украіны, іранскі рэжым не заслугоўвае існавання
Украіна выказала падтрымку ўдзельнікам антыўрадавых пратэстаў у Іране і асудзіла рэпрэсіі дзеючага іранскага рэжыму супраць уласнага народа.
Пра гэта заявіў у вячэрнім звароце ў аўторак, 13 студзеня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ён адзначыў, што Украіна поўнасцю падтрымлівае пазіцыю Злучаных Штатаў адносна Ірана.
«Рэжым, які існаваў столькі гадоў і забіў столькі людзей, не заслугоўвае існавання», — падкрэсліў Зяленскі.
Заяву адносна падзей у Іране апублікавала таксама МЗС Украіны. Там заклікалі ўлады Ірана адмовіцца ад ужывання гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў — і канстатавалі, што «рэжымы, якія ігнаруюць патрэбы і пакуты сваіх грамадзян, непазбежна нясуць палітычную, прававую і маральную адказнасць за свае дзеянні».
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў іранцаў працягваць пратэсты і захопліваць установы ў краіне. У публікацыі ў сацыяльнай сетцы Truth Social ён адзначыў, што «дапамога ўжо ў дарозе».
Таксама Трамп заяўляў, што Вашынгтон разглядае «вельмі жорсткія» варыянты дзеянняў у дачыненні да Ірана на фоне масавых пратэстаў і гібелі іх удзельнікаў — у прыватнасці, ён не выключаў прымянення ваеннай сілы.