Ілон Маск зрабіў Starlink для Ірана бясплатным
2- 14.01.2026, 9:12
- 1,682
Каб пратэстоўцы мелі доступ да інтэрнэту.
Кампанія Ілона Маска SpaseX цяпер прапануе бясплатны доступ да Starlink у Іране на фоне смяротных пратэстаў і шматдзённых адключэнняў электрычнасці.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Па словах Ахмада Ахмадзіяна, выканаўчага дырэктара амерыканскай арганізацыі Holistic Resilience, якая працуе з іранцамі над забеспячэннем бяспечнага доступу да інтэрнэту, кампанія SpaceX адмяніла абаненцкую плату за Starlink у Іране. Такім чынам уладальнікі тэрміналаў могуць карыстацца паслугай бясплатна.
Крыніца, знаёмая з дзейнасцю Starlink, таксама пацвердзіла бясплатнасць паслугі.
Хоць тэрміналы Starlink і забароненыя ў Іране, многія з іх, нягледзячы на рызыку, былі перапраўлены кантрабандай праз мяжу краіны. Ахмадзіян у тэлефонным інтэрв'ю з Bloomberg ацаніў, што ў Іране больш за 50 тысяч такіх прылад.
Па словах Аміра Рашыдзі, дырэктара па лічбавых правах праваабарончай арганізацыі Miaan Group, іранскія вайскоўцы працуюць над падаўленнем сігналу Starlink і адсочваюць карыстальнікаў.
У прыватнасці, у аўторак іранскі дзяржаўны тэлеканал IRIB News паведаміў, што ўлады канфіскавалі «буйную партыю электроннага абсталявання, якое выкарыстоўваецца для шпіянажу і сабатажу», уключаючы прылады, якія на відэазапісе выглядаюць як тэрміналы Starlink.
Bloomberg адзначае, што Рашыдзі таксама пацвердзіў бясплатны доступ да паслуг Starlink у Іране.
Паводле дадзеных NetBlocks, арганізацыі, якая адсочвае стан інтэрнэт-злучэння, агульнанацыянальнае адключэнне інтэрнэту ў Іране працягваецца ўжо пяць дзён, пазбавіўшы мільёны людзей доступу да анлайн-паслуг.