The Times: «Аднаразовыя» дыверсанты РФ сеюць хаос у Еўропе
2- 14.01.2026, 9:18
- 6,346
І падрываюць падтрымку Украіны.
Расія выкарыстоўвае анлайн-месэнджары і крыптавалютныя плацяжы для вербоўкі «аднаразовых» агентаў для правядзення недарагіх дыверсійных аперацый па ўсёй Еўропе, з мэтай падарваць падтрымку Украіны.
Як піша The Times, згодна з дакладам лонданскага аналітычнага цэнтра Royal United Services Institute (RUSI), Расія прыцягвае ўкраінскіх уцекачоў, якія перажываюць фінансавыя цяжкасці і, магчыма, не ўсведамляюць, што працуюць на Крэмль, у спробе падарваць грамадскую падтрымку Кіева.
Адзначаецца, што аперацыі Крэмля ўключалі падпалы, напады на грамадзянскую інфраструктуру, вандалізм і іншыя акты сабатажу, накіраваныя на пасеў «страху і замяшання» ў заходніх грамадствах і пошук слабых месцаў у сістэме абароны грамадзянскай інфраструктуры. У дакладзе гаворыцца, што колькасць такіх інцыдэнтаў у Еўропе павялічылася ў тры разы ў перыяд з 2023 па 2024 год і што сабатаж застаецца «ключавым інструментам» гібрыднай вайны Расіі.
Нізкаўзроўневыя агенты звычайна вербуюцца праз зашыфраваныя месэнджары, такія як Telegram, і атрымліваюць невялікія сумы, часта ў крыптавалюце. Рэкрутам прапануюць некалькі долараў за такія дзеянні, як графіці, і да 10 000 долараў за больш сур'ёзныя злачынствы.
«У некалькіх выпадках дыверсантам увогуле не плацілі, што падкрэслівае іх аднаразовасць», – адзначаюць аналітыкі.
Распальванне напружанасці і падрыў падтрымкі Украіны «з'яўляюцца часткай логікі нізкаўзроўневага [расійскага] сабатажу, нават калі сам фізічны ўрон абмежаваны», – сказала сааўтарка дакладу Кінга Рэдлоўска.
У дакладзе падкрэсліваецца, што еўрапейскім краінам варта ўзмацніць нагляд за пазабіржавымі аперацыямі абмену крыптавалюты на наяўныя грошы.
«Еўропа адносна павольна прызнае гэтыя інцыдэнты часткай скаардынаванай кампаніі сабатажу. Грошы рухаюцца хутка, асабліва праз крыптавалюту і нефармальныя грашовыя паслугі, у той час як працэсы прававога і трансмежавага супрацоўніцтва прасоўваюцца павольна. Нават няўдалыя або малаэфектыўныя тэракты ўсё адно дасягаюць мэтаў Расіі, ствараючы страх, вычэрпваючы рэсурсы бяспекі і правяраючы парогі рэагавання», — сказала Рэдлоўска.
У дакладзе таксама змяшчаецца заклік да правядзення кампаній па павышэнні інфармаванасці пра тактыку Крэмля сярод нядаўніх мігрантаў, дыяспары і падлеткаў — груп, якія, як лічыцца, найчасцей становяцца мішэнню расійскіх вербавальнікаў, — а таксама да ўвядзення ўзнагарод для інфарматараў.