У царкве пад Мінскам знайшлі амерыканскі «Вінчэстар»
3- 14.01.2026, 22:15
- 5,628
Фотафакт.
Пад царкоўнай падлогай у вёсцы Ракаў Валожынскага раёна выявілі амерыканскую вінтоўку. Гэта «Вінчэстар» з рычагам. Пра гэта 14 студзеня паведаміў у Facebook настаяцель храма Ператварэння Гасподняга Сяргей Лепін.
«Сёння мы раззброіліся… Падчас рамонтна-будаўнічых прац пад падлогай у нашым храме рабочыя выявілі вось такі цудоўны экзэмпляр… Winchester Model 1895 — амерыканская магазінная вінтоўка з рычажным узводам, распрацаваная Джонам Браўнінгам і запушчаная ў вытворчасць кампаніяй «Вінчэстар» у 1895 годзе», — напісаў Лепін.

У 1915–17 гадах каля 300 тысяч такіх вінтовак было выраблена для Рускай імператарскай арміі; са складскіх запасаў царскага часу яны траплялі на ўзбраенне Чырвонай гвардыі і Чырвонай арміі.
«Падчас Другой сусветнай вайны ў падвалах нашага храма хаваліся і дагойваліся параненыя партызаны. Відаць, гэта ад іх да нас і прыляцела вось такое нечаканае прывітанне.

На жаль, паводле закона такія рэчы нельга пакідаць для мясцовых музеяў. Выклікалі міліцыю і перадалі. Нейкія мы зусім не партызаны», — паведаміў Лепін.
Зазначым, што Winchester Model 1895 — нашчадак легендарнай, таксама рычажнай, Winchester Model 1873. Гэта зброя карысталася велізарнай папулярнасцю, вядомая як «ружжо, што заваявала Захад». Убачыць яе часта можна, напрыклад, у вестэрнах.