«Прыходжу на біяхімію, а там кажуць: няма рэактываў»
3- 15.01.2026, 8:49
- 3,254
Беларусы параўналі дзяржаўную і прыватную медыцыну.
«Салідарнасць» запытала ў беларусаў, ці карыстаюцца яны прыватнай медыцынай, якіх спецыялістаў наведваюць часцей за ўсё і чаму. Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены.
Напрыканцы мінулага года Мінздароўя часова прыпыніла ліцэнзію на аказанне паслуг буйнога прыватнага медыцынскага цэнтра «Альфамед». Ці запрацуе медцэнтр зноў і калі гэта адбудзецца — пакуль невядома.
Раней падобнае здаралася і з іншымі ўстановамі — «ЛОДЭ», «Нордин», «Клиника А1» і «Новое зрение» таксама заставаліся без ліцэнзій, прычым дзве апошнія пазней былі ліквідаваныя.
Ангеліна, 33 гады. «Тэрапеўт сказала, каб УГД рабіла платна»
— У прыватныя клінікі хаджу часцей, чым у паліклініку, бо там няма такіх чаргаў. Калі стаіць выбар: чакаць тры месяцы або схадзіць праз некалькі дзён, але заплаціць 55 рублёў, я лепш аддам гэтыя грошы.
У дзяржаўнай паліклініцы бывала, запішуся за месяц да тэрапеўта, а за дзень мне тэлефануюць і кажуць, што запіс адмяняецца і трэба запісвацца на іншую дату.
А да такіх спецыялістаў, як нефролаг або неўролаг, у паліклініцы можна трапіць толькі праз накіраванне тэрапеўта. І тое, неўролаг у нас толькі ў РНПЦ. Тэрапеўт сказала, каб УГД рабіла платна, бо няма талонаў. Пасля патрэбна была кансультацыя, але чакаць трэба было тры месяцы. Пайшла ў «ЛОДЭ».
Улетку трэба было трапіць да траўматолага — па жывой чарзе прасядзела тры гадзіны. На паўторную кансультацыю з вынікамі УГД, якое зрабіла платна, ужо пайшла ў прыватную клініку. Да гінеколага і стаматолага заўсёды хаджу толькі ў прыватныя цэнтры. Родзічы і сябры з асяроддзя ў асноўным таксама.
Ірына, 53 гады. «70 на 30 на карысць прыватнай медыцыны»
— Хочацца дажыць да падзей, якіх усе чакаюць. Таму наша сям’я на сябе не забівае. Дзе можна зэканоміць — эканомім і ходзім у паліклініку, дзе нельга — звяртаемся ў прыватныя цэнтры. Я б сказала, што цяпер у нас прыблізна 70 на 30 на карысць прыватнай медыцыны.
У паліклініцы раблю агульны аналіз крыві, мачы, флюараграфію, мамаграфію і гінекалагічныя аналізы. Гінеколаг прама кажа, што на УГД малочных залоз трэба запісвацца платна, хоць я прымаю менапаўзальную тэрапію і мне такое УГД належыць раз на год. Але паколькі талонаў няма, прасцей аддаць 30 рублёў, чым чакаць.
Каланаскапію і ФГДС таксама робім у прыватных клініках. У паліклініках заўсёды чэргі, лісты чакання. Медсястра прама кажа, што няма талонаў. Але ў такім выпадку я бываю скандалісткай. Раз на год мне належыць УГД брушной поласці, да таго ж падабаецца лекар-узіст, а яна платна не прымае. Паводле закона цягам 90 дзён павінны даць талон, а паколькі мне не гарыць, дык у снежні стала ў чаргу, каб пайсці ў сакавіку.
У мужа на працы страхоўка ў прыватны цэнтр, якая ўсё пакрывае. Але там бывае, што лекары навязваюць непатрэбныя аналізы. Прыватная медыцына не гарантуе, што выйдзеш з правільным дыягназам. Таму лічу, што трэба ісці не ў цэнтр, а да канкрэтнага лекара. Я якраз гэтым і займаюся: гляджу рэкамендацыі, манітору чаты, каб выбраць зацікаўленага лекара, які ўважліва перагледзіць усе аналізы.
Калі прыватных клінік стане менш, вядома, гэта паўплывае на наша жыццё. У паліклініках цяпер нават не ўсе аналізы здасі — нядаўна прыходжу на біяхімію, а там кажуць: няма рэактываў. Самі медсястры пацвердзілі, што раней такога не было.
Лекары ў паліклініках доўга не затрымліваюцца — прыходзіш да маладога, спадабаўся, а калі праз час хочаш трапіць паўторна — яго ўжо няма. Відаць, талковыя адпрацоўваюць пасля ўніверсітэта і сыходзяць.
Інеса, 45 гадоў. «Мужу перад аперацыяй сказалі зрабіць КТ, а талонаў не было»
— Я раблю УГД брушной поласці, малочных залоз і па гінекалогіі ў адным прыватным цэнтры ўжо колькі гадоў.
Па-першае, давяраю канкрэтнаму узісту — ён знайшоў у мяне анкалогію на пачатковай стадыі.
Па-другое, гэта зручна — патэлефанавала, запісалася, прыйшла.
Каб зрабіць УГД у паліклініцы, трэба спачатку запісацца да гінеколага, а потым яшчэ некалькі разоў схадзіць у паліклініку. Ды і не факт, што талон супадзе з днём цыклу, калі трэба рабіць абследаванне.
У паліклініку таксама хаджу, але рэдка. У нас ёсць не ўсе спецыялісты. Напрыклад, няма ўролага, а талон на мамаграфію даюць у іншую паліклініку. Дарэчы, заўважаю, што талонаў, бывае, няма, а калі прыходзіш на прыём — калідор пусты.
З-за анкалогіі Інеса раз у паўгода-год робіць КТ у паліклініцы. Каб прайсці абследаванне, яна загадзя запісваецца. А калі трэба было зрабіць тэрмінова, талона не аказалася — давялося рабіць платна.
— Нядаўна і мужу давялося рабіць платна КТ. Трэба было класціся ў бальніцу на аперацыю, але зрабіць КТ сказалі да шпіталізацыі. Вельмі дзіўна, няўжо ў бальніцы не маглі зрабіць? Чакалі чаргі некалькі дзён: талонаў не было, а часу ўжо не заставалася, таму муж пайшоў у прыватную клініку.
Маргарыта, 25 гадоў. «Хаджу ў паліклініку, мне не праблема пачакаць»
— Я прывыкла хадзіць у паліклініку яшчэ з тых часоў, калі там працаваў мой тата. Лічу, што адзіная розніца паміж прыватнай і дзяржаўнай медыцынай — гэта стаўленне да пацыента. Мне на стаўленне ўсё адно — галоўнае, каб сказалі, што ўсё добра, або знайшлі прычыну недамагання. А лекары ж і там, і там адны і тыя ж — многія сумяшчаюць працу ў паліклініцы і прыватным цэнтры.
Што да чэргаў, то мне не праблема пачакаць, бо хранічных захворванняў няма.
У прыватныя цэнтры звяртаюся толькі, каб здаць аналіз на вітамін D або праверыць жалеза. У астатнім хаджу ў дзяржаўныя цэнтры, у тым ліку на платныя прыёмы, калі ў маёй паліклініцы няма якога спецыяліста.
Зубы лячу толькі платна, бо бясплатная пломба дрэннай якасці.
Максім, 26 гадоў. «У многіх цяпер ёсць страхоўкі»
— Нячаста карыстаюся медыцынскімі паслугамі. Калі трэба тэрмінова трапіць да лекара, тады, вядома, іду ў прыватную. Там жа лячу зубы. У паліклініцы трэба чакаць мінімум дзве тыдні.
Аналізы таксама здаю ў прыватным цэнтры. Увогуле цяпер у многіх ёсць страхоўкі, якія пакрываюць пэўныя паслугі ў прыватных медцэнтрах. Такія ёсць нават у работнікаў дзяржаўных фірмаў, заводаў. Праўда, звычайна гэта нейкі базавы пакет, а за дадатковыя аналізы трэба плаціць самому.
Людміла, 66 гадоў. «І ў прыватных цэнтрах бывае чарга»
— Я частая госця паліклінікі, бо ў мяне цукровы дыябет і праблемы з сэрцам. Нядаўна ляжала ў бальніцы. Суседка па палаце часам наракала на нашу бясплатную медыцыну. Але па факце ёй там зрабілі столькі абследаванняў, што платна яна наўрад ці іх пацягнула б.
Але ў цэлым, так — як пашанцуе. Напрыклад, я ні разу не рабіла платна КТ, талон заўсёды давалі хутка — чакала не даўжэй за тыдзень. А сваячка з анкалогіяй магла чакаць месяц і ў выніку рабіла платна.
Да таго ж у нас у паліклініцы амаль няма вузкіх спецыялістаў. Могуць прапанаваць запісвацца ў іншыя месцы і чакаць чаргі. Для мяне гэта доўга і мутарна, а сварыцца з лекарамі я таксама не люблю — прасцей схадзіць у прыватны цэнтр.
У прыватных клініках Людміла звычайна робіць УГД брушной поласці, малога таза і шчытападобнай залозы. Таксама яна перыядычна наведвае флеболага і рэўматолага.
— Але, ведаеце, і ў прыватных цэнтрах бывае чарга. У «Нордине» часам месяц наперад. Але ў цэлым прыватная медыцына, вядома, выратоўвае. І не скажу, што вельмі дорага.
Платнымі паслугамі ў дзяржаўнай паліклініцы таксама карыстаюся. Нядаўна ставіла Холтэр. Паводле вынікаў патрэбна была кансультацыя кардыёлага, але яго ў паліклініцы няма. Каб не ехаць у іншую, куды прапаноўвалі талон, запісалася на платны прыём у сваю за 20 рублёў.