На польскай мяжы спынілі выкрадзены Mercedes-Benz, які спрабавалі вывезці ў Беларусь
1- 15.01.2026, 10:11
- 3,616
Аўтамабіль каштуе каля 120 тысяч еўра.
На польска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Тэрэспаль» памежнікі спынілі аўтамабіль Mercedes-Benz, які значыўся як выкрадзены. Пра гэта паведамляе польская памежная служба, перадае «Зеркало».
Аўтамабіль 2025 года выпуску коштам 500 тысяч злотых (каля 120 тысяч еўра) разысківаўся ў Польшчы як выкрадзены. У аўтамабілі ехалі двое грамадзян Славакіі і адзін — Грузіі.
«У ходзе праверкі, праведзенай памежнікамі, было ўстаноўлена, што аўтамабіль, які правяралі, значыцца ў базах даных як выкрадзены на тэрыторыі Польшчы. Акрамя таго, грамадзянін Грузіі прад'явіў для праверкі падробленае вадзіцельскае пасведчанне», — паведамілі памежнікі.
Па справе было распачата дасудовае расследаванне. Затрыманых мужчын перадалі супрацоўнікам гарадской паліцыі ў Радоме, а аўтамабіль — у камісарыят паліцыі ў Тэрэспалі.