Туск склікаў тэрміновую нараду з-за атак на энергетычную інфраструктуру Польшчы
- 15.01.2026, 13:34
- 5,044
Фота: Bloomberg
На працягу апошніх тыдняў адбылася серыя спробаў дыверсій.
У чацвер прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск праводзіць тэрміновую нараду, прысвечаную кібератакам на польскую энергетычную інфраструктуру.
Пра сустрэчу Туск паведаміў у сацсетцы X.
На працягу апошніх тыдняў адбылася серыя спробаў дыверсій, якія, паводле дадзеных урадавых крыніц, былі скіраваныя на дэстабілізацыю энергетычнай сістэмы краіны.
Прэс-канферэнцыя па выніках абмеркаванняў запланаваная на 11:00. Чакаецца, што ўрад павінен прадставіць запланаваныя прэвентыўныя меры пасля нападаў.
Міністр энергетыкі Польшчы Мілош Мотыка паведаміў, што ў апошнія дні 2025 года адбыліся няўдалыя кібератакі на шэраг аб’ектаў, якія вырабляюць электраэнергію.
У лістападзе ён заяўляў, што Польшча ў ЕС сутыкаецца з найбольшай колькасцю кібератак.
Віцэ-прэм’ер Польшчы, міністр лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі паведамляў, што ў снежні краіна была «вельмі блізкая» да адключэння электраэнергіі з-за расійскай атакі.
У прыватнасці, ішла гаворка пра няўдалыя кібератакі на ЦЭЦ і шматлікія аднаўляльныя крыніцы энергіі.