Беларусы цяпер могуць лятаць без віз у Лаос
9- 15.01.2026, 22:16
На чарзе — Аман.
Беларусь працягвае ўсталёўваць бязвізавыя рэжымы з краінамі Глабальнага Поўдня, куды значнай частцы беларусаў лятаць небяспечна з палітычных прычын. А вось у суседнія еўрапейскія краіны трапіць грамадзянам нашай краіны пакуль даволі цяжка, піша «Белсат».
15 студзеня ўступіла ў сілу пагадненне паміж урадамі Беларусі і Лаоса аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў звычайных пашпартоў. Згодна з дакументам, грамадзяне Беларусі і Лаоса, якія маюць дзеючыя звычайныя пашпарты, тэрмін дзеяння якіх складае не менш за 180 дзён, могуць ажыццяўляць ўезд, выезд, знаходжанне або транзітны праезд праз тэрыторыю аднаго з дзяржаў у бязвізавым рэжыме пры ўмове, што тэрмін іх знаходжання не перавышае 30 дзён, пачынаючы з даты ўезду. Агульны тэрмін знаходжання на тэрыторыі дзяржавы аднаго з бакоў пагаднення не павінен перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года. Тыя, хто плануе знаходзіцца больш за 30 дзён, павінны загадзя аформіць адпаведную візу незалежна ад мэты паездкі, паведамілі ў пасольстве Беларусі ў В'етнаме.
Таксама на гэтым тыдні «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» ухвалілі ратыфікацыю пагаднення паміж урадамі Беларусі і Амана аб узаемнай адмене віз. Яго ўмовы супадаюць з умовамі пагаднення з Лаосам.
Адзначым, што рэсурс Pashpart.org лічыць як Лаос, так і Аман небяспечнымі для наведвання тымі беларусамі, якіх пераследуюць на радзіме.
Нагадаем, што кансалтынгавая кампанія Henley & Partners абнавіла штогадовы «Індэкс пашпарта 2026», у якім краіны ранжыруюцца паводле колькасці напрамкаў, даступных уладальнікам іх пашпартоў без папярэдняга атрымання візы або з візай па прыбыцці. У абноўленай версіі Беларусь займае 60-ю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу пашпартоў. Уладальнікі беларускага пашпарта на пачатку 2026 года могуць ўязджаць у 79 краін і тэрыторый без папярэдняга атрымання візы або з візай па прыбыцці. У параўнанні з кастрычніцкім абнаўленнем індэксу становішча краіны ў рэйтынгу не змянілася, аднак паказчык пашпартнай мабільнасці пагоршыўся колькасна: восенню 2025 года Беларусь мела доступ да 80 напрамкаў, цяпер іх стала на адзін менш.
Таксама Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў пра прыпыненне ўсіх працэдур афармлення іміграцыйных віз для грамадзян Беларусі на нявызначаны тэрмін.