NYT: Нетаньяху папрасіў Трампа адкласці ўдар па Ірану
- 15.01.2026, 22:24
- 3,096
Аналагічныя просьбы накіравалі і іншыя саюзнікі ЗША на Блізкім Усходзе.
Ізраільскі прэм’ер Біньямін Нетаньяху папрасіў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адкласці ўдар па Ірану, паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцу сярод амерыканскіх чыноўнікаў.
Іх размова адбылася ў сераду, 14 студзеня. Пазней у той жа дзень Трамп заявіў пра атрыманне ад «вельмі важных крыніц з іншага боку» інфармацыі, што ў Іране больш не забіваюць пратэстоўцаў і смяротныя пакаранні спыніліся. Паводле NYT, гэта і стала сведчаннем таго, што амерыканскі прэзідэнт адмовіўся ад ідэі атакаваць Іран.
Аналагічныя просьбы накіравалі і іншыя саюзнікі ЗША на Блізкім Усходзе: Катар, Аман, Егіпет, Саудаўская Аравія. Паводле слоў суразмоўцы выдання, высокапастаўленыя чыноўнікі з гэтых краін цягам апошніх двух дзён тэлефанавалі амерыканскім калегам, каб перадаць адпаведнае пасланне. Яны папярэджвалі амерыканцаў, што напад ЗША можа прывесці да больш маштабнага рэгіянальнага канфлікту.
Financial Times адзначае, што цягам апошніх дзён Нетаньяху — «звычайна гаваркі і лютавы прыхільнік звяржэння рэжыму ў Іране» — захоўваў «заўважнае маўчанне». Паводле меркавання крыніцы выдання, якая ў мінулым адказвала за рэгіён, Ізраіль усведамляе, што мае «залатое акно магчымасцяў з Трампам», і амерыканскі прэзідэнт гатовы «перадаць партфель пытанняў, якія датычацца Ірана» Ізраілю.