Зяленскі: Украіна не была і не будзе перашкодай міру
- 16.01.2026, 5:53
- 1,338
Прэзідэнт Украіны пасля заяў Трампа пагаварыў з генсекам НАТА.
Украіна ніколі не будзе перашкодай для падпісання мірнага пагаднення аб урэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны. Пра гэта 15 студзеня ў вячэрнім відэазвароце, апублікаваным у Facebook офіса прэзідэнта, заявіў кіраўнік Украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт паведаміў, што правёў размову з генсекам НАТА Маркам Рютэ, у прыватнасці — пра праграму PURL па закупках амерыканскай зброі для Украіны і магчымасці набываць ракеты для ўкраінскай СПА.
«Мы гаварылі і пра дыпламатычную працу з Амерыкай — ніколі Украіна не была і не будзе перашкодай міру. Менавіта расійскія ракеты, расійскія Shahed, расійская спроба знішчыць Украіну з’яўляюцца выразнымі доказамі таго, што Расіі патрэбныя зусім не пагадненні», — адзначыў Зяленскі.
Як адзначыў прэзідэнт, калі з-за РФ украінцы па 20–30 гадзін застаюцца без электрычнасці і калі расійскія ўдары накіраваныя на тое, каб «зламаць энергетыку і людзей», менавіта «на Расію трэба ціснуць».
У паведамленні, апублікаваным у Facebook пасля размовы з Рютэ, Зяленскі падкрэсліў, што расійскія ўдары падчас халоднай зімы ствараюць для Украіны сур’ёзныя выклікі.
«Сёння адбыўся ўдар расіян па энергетычным аб’екце ў Харкаве: сотні тысяч чалавек засталіся без святла і цяпла. Праінфармаваў Марка пра гэтыя абстрэлы і нашыя патрэбы для абароны і ўмацавання СПА. Праграма PURL вельмі нам у гэтым дапамагае, і мы разлічваем, што ў бягучым месяцы сума ўнёскаў у яе павялічыцца», — напісаў прэзідэнт.
Зяленскі распавёў, што яны з Рютэ таксама абмеркавалі кантакты з партнёрамі ў ЗША і Еўропе.
«Абмяняліся нашымі поглядамі наконт таго, якімі павінны быць наступныя крокі. Мы ўжо дасягнулі значнага прагрэсу, і цяпер важна не зніжаць тэмп», — рэзюмаваў прэзідэнт.