Азербайджан пачаў пастаўляць газ у Германію і Аўстрыю
- 16.01.2026, 16:10
- 1,416
Баку выціскае РФ з энергетычнага рынку Еўропы.
Азербайджан пачаў пастаўкі прыроднага газу ў Германію і Аўстрыю, паведаміў у пятніцу, 16 студзеня, дзяржаўны энергетычны канцэрн Socar. Газ паступае ў Еўропу па Трансадрыятычным газаправодзе (TAP), які ідзе ад грэка-турэцкай мяжы праз Грэцыю і Албанію ў паўднёвую Італію. Адтуль паліва транспартуецца далей на поўнач — у Аўстрыю і Германію, перадае DW.
У Socar адзначылі, што пастаўкі праз Італію ў Аўстрыю і Германію пашыраць геаграфію экспарту азербайджанскага газу ў Еўропе. З выхадам на новыя рынкі колькасць краін-імпарцёраў азербайджанскага газу павялічылася да 16.
Попыт на газ з Азербайджана павялічыўся на фоне імкнення еўрапейскіх краін скараціць залежнасць ад паставак з Расіі пасля яе ўзброенага ўварвання ва Украіну. У чэрвені Socar заключыла дзесяцігадовы кантракт з нямецкім энергахолдынгам Sefe на пастаўку 1,5 млрд кубаметраў газу ў год.
Sefe раней мела назву Gazprom Germania і была выратавана ад банкруцтва ўрадам Германіі ў разгар энергетычнага крызісу 2022 года.
Паводле крыніцы ў Socar, у Аўстрыю можа пастаўляцца да 1 млрд кубаметраў газу ў год. У 2025 годзе сукупны аб'ём экспарту азербайджанскага газу ў Еўропу склаў 12,8 млрд кубаметраў. Далейшае павелічэнне паставак, як адзначаецца, будзе залежаць ад інвестыцый і пашырэння прапускной здольнасці трубаправоднай інфраструктуры.