«Адмыцца» Вольфовічу будзе няпроста
22- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 17.01.2026, 9:51
- 15,910
Лукашысты пачалі надзвычай небяспечную авантуру.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч своеасабліва рассеяў сумневы ў тым, што расійскі ракетны комплекс «Арэшнік» паставілі на баявое дзяжурства ў Беларусі.
Маўляў, галоўнае, што мы ў гэтым упэўненыя, а што там сабе думаюць зласліўцы — не так істотна.
Што да пераканаўчасці, атрымалася гэтак сабе: хочаце — верце, хочаце — не. А вось у чым могуць быць дакладна ўпэўненыя тыя, хто старанна нагнятае страх перад расійскай «вундарвафляй»: кожная такая заява дадае яркасці мішэні на мапе нашай краіны.
У генерала Вольфовіча не павінна быць і ценю сумневу ў тым, што ў гэтай надзвычай небяспечнай авантуры ён — адзін з галоўных «мастакаў». І змыць такое будзе вельмі няпроста.
«Гэта зброя стрымлівання, абароны нашай краіны», — кажа ўраджэнец Казані, выпускнік Ваеннай акадэміі Генштаба Узброеных Сіл Расіі. І з кожным такім адкрыццём узнікае ўсё больш пытанняў, якую менавіта краіну ён насамрэч лічыць «нашай».
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»