17 студзеня 2026, Субота, 12:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Хадкевіч: як нашы продкі адстаялі Лівонію і прыструнілі Івана Грознага

2
Ян Хадкевіч: як нашы продкі адстаялі Лівонію і прыструнілі Івана Грознага

Менавіта беларускі палкаводзец пераканаў Стэфана Баторыя распачаць паход на маскоўскага дэспата.

Родзіўся Ян Геронімавіч Хадкевіч у 1537 годзе ў сям’і жамойцкага старасты Героніма Хадкевіча і ягонай жонкі Ганны Шамет. У доме бацькоў Ян жыў да 10 гадоў, пасля чаго адправіўся вучыцца, піша vklby.com.

У Кракаўскі ўніверсітэт Ян Геронімавіч паехаў у 1547 годзе, а пасля Кракава адправіўся вучыцца ў Лейпцыгскі ўніверсітэт. Але ў Лейпцыгу ён да канца не давучыўся, бо цікавасць да вайсковай навукі была мацнейшая, і юны Ян адправіўся на вайну супраць Францыі ў войсках нямецкага імператара Карла V. Там Ян Геронімавіч атрымаў добры вайсковы досвед у дадатак да яго добрай веды польскай і нямецкай моў, а таксама гісторыі і філасофіі.

У 1559 годзе, пасля вяртання на радзіму, Ян атрымаў ад вялікага князя літоўскага Сігізмунда Аўгуста пасаду стольніка. У яго абавязкі ўваходзіла сервіроўка вялікакняскага стала. На гэтай пасадзе ён прабыў нядоўга, і ў канцы года вялікі князь прызначыў яго гетманам над атрадам з 500 вершнікаў і накіраваў абараняць лівонскі замак Люцын.

У замку Ян Геронімавіч прабыў два гады, да смерці свайго бацькі ў 1561 годзе. Жамойцкая шляхта пасля смерці бацькі Яна пачала прасіць вялікага князя прызначыць старастой Яна Геронімавіча, але Сігізмунд Аўгуст не адразу пагадзіўся прызначыць Яна на гэтую пасаду. Толькі ў канцы 1563 года вялікі князь пагадзіўся даць пасаду жамойцкага старасты Яну Геронімавічу Хадкевічу.

За гэты час Ян Геронімавіч праявіў сябе як таленавіты і разумны палітык, які служыў сваёй радзіме. У 1564 годзе па просьбе Тарбскага сойма Ян Геронімавіч за ўласны кошт выставіў 1200 вершнікаў для абароны Лівоніі.

У 1566 годзе Ян Геронімавіч актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы пасольства ў Маскву для мірных перамоў, за што ад вялікага князя атрымаў пасаду земскага маршалка.

Паводле рашэння Берасцейскага сойма ў 1566 годзе Яна Геронімавіча Хадкевіча накіравалі кіраваць Лівоніяй, якую імкнуліся захапіць суседзі. 5 кастрычніка 1566 года ў Кукейнасе Ян афіцыйна пачаў кіраваць Лівоніяй.

За час свайго кіравання гэтым краем яму ўдалося ўмацаваць жаданне лівонцаў быць у складзе Літвы, а таксама арганізаваць абарону краю і разгарміць шведскі атрад, пасля чаго шведы доўга не спрабавалі нападаць.

Ян Геронімавіч таксама праявіўся сваёй мужнасцю падчас штурму замка Улы. Яго шляхецкае войска не вельмі жадала ваяваць і тым больш ісці на штурм. Тады Ян Геронімавіч асабіста павёў сваіх жаўнераў на штурм замка. Нягледзячы на тое, што ў выніку яму давялося зняць аблогу, ён атрымаў ад вялікага князя літоўскага за праяўленую мужнасць тытул графа і гарады ва ўладанне: Быхаў, Шклоў, Глуск і Мыш, а таксама пра яго, як пра мужнага і смелага чалавека, згадваў Іван Грозны.

Адзначаўся Ян Геронімавіч не толькі мужнасцю, талентам палітыка і палкаводца, але і сваёй красамоўнасцю. Не раз яму даводзілася выступаць на Соймах ад імя Вялікага Княства Літоўскага падчас падпісання Люблінскай уніі. Ян Хадкевіч таксама ўзначальваў дэлегацыі ад паноў рады на гэтыя Соймы і, як абаронца інтарэсаў ВКЛ, імкнуўся ўсімі магчымымі спосабамі зрабіць так, каб пры стварэнні адзінай дзяржавы з Польшчай Літва панесла як мага меншыя страты ў сваіх інтарэсах.

Вяршыні сваёй славы і магутнасці Ян Геронімавіч Хадкевіч дасягнуў падчас другіх выбараў караля Рэчы Паспалітай у перыяд з 1674 па 1676 год. Пакуль Сойм выбіраў новага караля, у ВКЛ без пячаткі і слова Яна Геронімавіча не прымалася ніводнае рашэнне; фактычна ў гэты перыяд ён кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім.

Ён жа ўзначаліў дэлегацыю ад ВКЛ на Сойм, на якім выбралі новага караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Спачатку Ян Геронімавіч Хадкевіч не быў на баку Баторыя, але потым, расчараваўшыся ў іншых кандыдатах на каралеўскі трон, вырашыў падтрымаць Баторыя і змог пераканаць магнатаў і шляхту Літвы зрабіць тое самае.

З Стэфанам Баторыем у Яна Геронімавіча склаліся добрыя стасункі з першай жа сустрэчы, якая адбылася на мяжы Рэчы Паспалітай, куды Ян Геронімавіч асабіста паехаў сустракаць Баторыя.

Ён таксама асабіста паехаў да Стэфана Баторыя, калі той аблажыў Гданьск, і пераканаў зняць аблогу з горада, каб накіраваць усе сілы на вайну з Масквою, якая захапіла Лівонію і пагражала ВКЛ.

Адразу пасля Гданьска, будучы хворым, ён паехаў у Лівонію і ўзначаліў войска. Аднак праз нядоўгі час, разумеючы, што з-за хваробы ён не можа камандаваць войскамі, у маі 1578 года адмовіўся ад пасады адміністратара Лівоніі і з’ехаў у Вільню, дзе 4 жніўня 1579 года памёр у сваім палацы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках