Вяртанне легенды: знакамітае італьянскае аўто 80-х адрадзяць у новым фармаце
3- 17.01.2026, 12:23
- 2,960
Хэтчбэк класа C захавае класічны дызайн.
Новая Lancia Delta дэбютуе ў 2028 годзе і стане трэцяй мадэллю ў абноўленай лінейцы італьянскай маркі пасля кампактнага хэтчбэка Ypsilon і кросовера Gamma. Пра гэта паведамляе сайт motor.es.
Lancia Delta чацвёртага пакалення застанецца кампактным хэтчбэкам класа C — яго даўжыня складзе прыблізна 4,4 м. Рубленая стылістыка будзе вытрыманая ў духу самай першай і знакамітай Lancia Delta 80-х.
У аснове Lancia Delta 2028 будзе платформа STLA Medium канцэрна Stellantis, то бок хэтчбэк стане сабратам будучых Peugeot 308 і Opel Astra наступнага пакалення.
Як і роднасныя мадэлі, новая Lancia Delta будзе даступная ў электрыфікаваных версіях. Варта чакаць «мяккія» гібрыды, плагін-гібрыды і электрамабілі.
Топавай, як і ў 80-х і 90-х, стане паўнапрывадная зараджаная версія HF Integrale, аднак цяпер яна будзе электрычнай. Для яе рыхтуюць паўнапрывадную двухрухавіковую ўстаноўку магутнасцю прыкладна 450 конскіх сіл.

Нагадаем, што менавіта Lancia Delta HF Integrale стала легендай ралі — шэсць разоў запар выйгравала чэмпіянат свету WRC. Усяго ж з 1979 па 2014 год убачылі свет (з перапынкамі) тры пакаленні мадэлі.