«Брыгада мільярдэра»: як «Хартыя» спыніла акупантаў у Куп’янску
3- 17.01.2026, 13:38
- 5,344
Легендарнае падраздзяленне стала сімвалам стойкасці Украіны.
Украінскі збожжавы мільярдэр Усевалад Кожамяка кардынальна змяніў сваё жыццё пасля пачатку паўнамаштабнай вайны. Былы бізнесмен і марафонец памяняў дзелавы касцюм на вайсковую форму і заснаваў адно з найбольш эфектыўных баявых фарміраванняў Украіны — 13-ю брыгаду «Хартыя», якую сёння называюць «брыгадай мільярдэра».
У слаба асветленым гатэлі ў Харкаве Кожамяка, апрануты ў поўную вайсковую амуніцыю, іграў «Для Элізы» Бетховена на раялі, разважаючы пра новую рэальнасць у размове з The Telegraph.
«Так, я бізнесмен, — сказаў ён. — А цяпер я камандзір вайсковай часці ва Украіне».
Добраахвотнікі, фінансаваныя бізнесам
«Хартыя» была створана ў сакавіку 2022 года як добраахвотнае падраздзяленне грамадзянскіх, профінансаванае асабістымі сродкамі Кожамякі і падтрымкай заможных мецэнатаў.
Спачатку падраздзяленне дзейнічала ў складзе тэрытарыяльнай абароны Харкаўшчыны, а пасля ператварылася ў элітнае штурмавое фарміраванне Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Паводле ацэнак ваенных аналітыкаў, колькасць брыгады вагаецца ад 1500 да 5000 байцоў. Яна спецыялізуецца на хуткіх контратаках, гарадскіх баях і аперацыях з выкарыстаннем дронаў.
«Як толькі скончыцца ваенны час, мы зноў станем цывільнымі людзьмі», — сказаў Кожамяка амаль чатыры гады таму.
Сцяг Украіны над Куп’янскам
На гэтым тыдні падраздзяленні «Хартыі» паднялі ўкраінскі сцяг над Куп’янскам — горадам, які некалькі месяцаў знаходзіўся пад знішчальным ціскам расійскіх атак «мясарубкі». Яшчэ нядаўна горад лічылі амаль страчаным, але ўкраінскія сілы заявілі, што амаль цалкам выціснулі расійскія войскі.
Паводле дадзеных выведкі, суадносіны страт у баях за Куп’янск складалі 1 да 27 — на аднаго ўкраінскага вайскоўца прыпадала 27 расійскіх салдат.
Палкоўнік Ігар Абаленскі назваў гэты поспех прыкладам новага падыходу да вайны:
«Куп’янская аперацыя даказвае, што дзякуючы планаванню, падрыхтаваным камандзірам і штабам, а таксама якаснай падрыхтоўцы падраздзяленняў — усё гэта мы называем метадам «Хартыі» — можна паспяхова спыніць і знішчыць ворага».
Тактыка дакладных удараў
Падчас аперацыі байцы «Хартыі» дзейнічалі ва ўзаемадзеянні з менш вопытнымі часткамі, фарміруючы шматузроўневую абарону. Элітныя падраздзяленні трымалі для вырашальных удараў, прасоўваліся праз лясы і наносілі раптоўныя атакі ў горадзе.
Асноўнымі мэтамі сталі чыгуначныя вузлы, падыходы да рэк і вузкія гарадскія праходы, якія ператварыліся ў зоны сканцэнтраванага паражэння для расійскіх войскаў. Аперацыі абапіраліся на выведку, мабільнасць і каардынацыю з артылерыяй і дронамі.
Поспех пад Куп’янскам стаў асабліва важным на фоне палітычнага ціску на Кіеў. На гэтым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што, на яго думку, менавіта Уладзімір Зяленскі з’яўляецца галоўнай перашкодай для мірнай дамовы, а не Уладзімір Пуцін.
Гэтыя словы павысілі стаўкі для Украіны, прымусіўшы Кіеў дэманстраваць рэальныя поспехі на полі бою. Ваенны эксперт Гэміш дэ Брэттан-Гордан адзначыў:
«Нядаўнія поспехі Украіны пад Куп’янскам маюць вырашальнае значэнне, каб паказаць: яна не капітулюе. Менавіта Украіна цяпер пракладае сабе шлях, а не Расія».
Нягледзячы на поспехі, Украіна сутыкаецца з вострым дэфіцытам асабовага складу і вымушаная перакідваць «пажарныя» падраздзяленні, такія як «Хартыя», паміж найбольш гарачымі ўчасткамі фронту. Гэта робіць кожную перамогу яшчэ больш важнай.