Вадзіцель аўтамабіля, з якім сутыкнуўся картэж Адама Кадырава, загінуў
- 17.01.2026, 20:34
- 10,368
Аднак крымінальную справу ўзбуджаць не стануць.
«Новая газета Еўропа» са спасылкай на крыніцы пацвердзіла факт аварыі з удзелам сына кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Адама. Паводле звестак выдання, вадзіцель галоўнай машыны картэжу Кадырава праігнараваў чырвоны сігнал святлафора на скрыжаванні. У выніку сутыкнення ён атрымаў пералом шыйнага пазванка.
У гэтай жа машыне ехалі таксама сам Кадыраў-малодшы і яго ахоўнікі. Іх траўмы не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Вадзіцель аўтамабіля, з якім сутыкнуўся картэж, загінуў.
Крыніца «Новай газеты Еўропа» ў Следчым камітэце Чачні расказаў, што ДТЗ не было зарэгістравана ў КУСПе (кнізе ўліку заяў аб злачынствах, аб адміністрацыйных правапарушэннях і здарэннях), і праваахоўнікі не стануць узбуджаць крымінальную справу.