18 студзеня 2026, Нядзеля, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўднёвую Афрыку затапіла

Паўднёвую Афрыку затапіла

Армія эвакуіруе людзей з дахаў і дрэў.

У краінах Паўднёвай Афрыкі ў выніку працяглых ліўняў і маштабных паводак, што пачаліся ў снежні, загінулі больш за 100 чалавек. Пра гэта 17 студзеня паведаміла Associated Press.

Моцныя паводкі, выкліканыя зацяжнымі ліўнямі, прывялі да шматлікіх ахвяр і маштабных разбурэнняў у шэрагу краін поўдня Афрыкі. Найбольш пацярпелі Мазамбік, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Зімбабвэ.

Паводле дадзеных уладаў, колькасць загінулых павялічвалася на працягу некалькіх тыдняў бесперапынных ападкаў. Метэаролагі папярэджваюць, што дажджы могуць працягнуцца, таму рызыка новых паводак і разбурэнняў застаецца высокай.

Найбольш складаная абстаноўка склалася ў Мазамбіку. З канца мінулага года там, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 103 чалавекі? Стыхія закранула больш за 200 тысяч жыхароў краіны: тысячы дамоў атрымалі пашкоджанні, дзясяткам тысяч чалавек можа спатрэбіцца эвакуацыя. Акрамя таго, у пацярпелых раёнах зафіксаваныя ўспышкі халеры і сур'ёзная шкода сельскай гаспадарцы.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы паводкі ў паўночных правінцыях забралі жыцці як мінімум 30 чалавек. Для правядзення выратавальных аперацый былі задзейнічаны падраздзяленні арміі — людзей, што апынуліся ў пастцы на дахах дамоў і дрэвах, эвакуявалі з дапамогай верталётаў. Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса паведаміў, што ў асобных рэгіёнах менш чым за тыдзень выпала каля 400 мм ападкаў, а дзясяткі дамоў былі цалкам знішчаныя патокамі вады.

У Зімбабвэ з пачатку года ў выніку ліўневых дажджоў загінулі 70 чалавек. Больш за тысячу дамоў былі знішчаныя, сур'ёзна пашкоджаны дарогі, масты і школы. Паводкі таксама зафіксаваныя ў Малаві, Замбіі і на Мадагаскары.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках