18 студзеня 2026, Нядзеля, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падводка для вачэй, якой тысячы гадоў: дзіўная гісторыя кохлю

3
Падводка для вачэй, якой тысячы гадоў: дзіўная гісторыя кохлю
Захра Ханкір

Нядаўна ЮНЕСКА ўключыла арабскі кохль (сурму) ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

«Калі я падводжу вочы ў сваёй бруклінскай кватэры, так далёка ад дому, я адчуваю, што становлюся бліжэй да маёй маці, бабулі і ўсіх жанчын на Блізкім Усходзе», — распавядае журналістка Захра Ханкір у інтэрв'ю BBC Global Women.

У снежні 2025 года ЮНЕСКА — культурнае агенцтва ААН — уключыла арабскі кохль (сурму) ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Кохль — гэта цёмны пігмент, які традыцыйна наносяць вакол вачэй і жанчыны, і мужчыны. Гэта традыцыя падводкі вачэй мае карані, што сягаюць на тысячы гадоў углыб гісторыі, да старажытных цывілізацый.

Getty Images

Хоць у арабскім свеце гэтая касметыка вядомая як кохль, у іншых рэгіёнах яна называецца інакш: каджал у Паўднёвай Азіі і Індыі, ціро ў Нігерыі і сормэ ў Іране. Традыцыйна кохль выраблялі з сурмы, свінцу або іншых кампанентаў, аднак сучасныя сродкі ўтрымліваюць і іншыя інгрэдыенты.

Для брытанскай пісьменніцы ліванскага паходжання Захры Ханкір гэта касметыка мае асаблівае значэнне. Яе сям'я пераехала ў Вялікабрытанію з Лівана, ратуючыся ад грамадзянскай вайны 1975 года.

«Я часта назірала, як мая маці наносіць макіяж, калі мы жылі далёка ад радзімы, — узгадвае яна. — Мне здавалася, што ў гэты момант яна нібыта датыкаецца да чагосьці вельмі глыбокага».

Цяпер тую ж сувязь, паводле яе слоў, яна адчувае і сама, калі падводзіць вочы кохлем.

Getty Images

Ханкір, аўтарка кнігі Eyeliner: A Cultural History («Падводка для вачэй: культурная гісторыя»), кажа, што прызнанне ЮНЕСКА робіць кохль «не проста трэндам або прадуктам, а жывой культурнай практыкай, вартаю захавання».

«Такі статус дапамагае абараніць веды, рытуалы і майстэрства, звязаныя з вырабам і выкарыстаннем кохлю, забяспечваючы іх дакументаванне, перадачу і вартасць для будучых пакаленняў, а не растварэнне ў глабалізаванай камерцыйнай індустрыі прыгажосці або страту», — тлумачыць яна.

Менавіта момант, калі Ханкір дастала слоічак з кохлем за вячэрай з сяброўкай з Ірана, стаў для яе адпраўной кропкай размовы пра гісторыю і сімволіку гэтага сродку і натхніў яе глыбей вывучыць мінулае кохлю і выкарыстанне падводкі наогул.

«Тады прыйшло разуменне, што кохль мае зусім асаблівае значэнне для жанчын, асабліва для жанчын з меншасцяў і дыяспары», — кажа яна.

«Больш, чым прыгажосць»

Гісторыя кохлю сягае каранямі ў часы старажытных цывілізацый: Егіпта, Месапатаміі і Персіі. У Старажытным Егіпце, паводле слоў Ханкір, яго наносілі ўсе — незалежна ад полу і сацыяльнага становішча.

«Яго выкарыстоўвалі не толькі дзеля прыгажосці, — кажа яна. — Кохль таксама сімвалізаваў духоўнасць і абараняў вочы ад інфекцый. Старажытныя егіпцяне клалі ў магілу пасудзіны з кохлем разам з памерлым, каб ён мог узяць іх у замагільнае жыццё. Гэта паказвае, наколькі важным для іх быў кохль».

Паводле Ханкір, менавіта егіпецкая царыца Неферціці, верагодна, стала першай у гісторыі «інфлюэнсаркай» у выкарыстанні падводкі для вачэй.

Getty Images

Знакаміты бюст Неферціці, знойдзены ў Егіпце ў 1912 годзе нямецкай археалагічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Людвіга Борхардта, наглядна дэманструе характэрнае выкарыстанне кохлю.

«Яе бровы загнутыя, бездакорна акрэсленыя і афарбаваныя дымчата-чорным пігментам, магчыма, кохлем. Кантраст колераў рэзкі, але пры гэтым вобраз царыцы выглядае цэльным і гарманічным», — піша Ханкір у сваёй кнізе.

Жанчыны ў Германіі імкнуліся пераймаць гэты экзатычны вобраз, выкарыстоўваючы кохль і асацыюючы яго з прыгажосцю, уладай і пачуццём унутранай сілы, адзначае Ханкір.

Макіяж Неферціці застаецца актуальным і сёння.

«На YouTube, TikTok і Instagram можна знайсці сотні навучальных відэа, якія з уражальнай дакладнасцю аднаўляюць твар царыцы», — піша Ханкір.

Падводка для вачэй — не толькі кохль

Даследаванні Ханкір, прысвечаныя падводцы для вачэй, прывялі яе ў самыя розныя куткі свету — ад Кералы да Чаду, Мексікі, Іарданіі і Японіі. Гэтыя падарожжы паказалі, што хоць спосабы нанясення падводкі і яе значэнне ў розных культурах адрозніваюцца, сама ідэя выкарыстоўваць яе як абарону ў іх агульная.

Яе выкарыстоўвалі для абароны ад сонца і «дрэннага вока», у рэлігійных рытуалах і нават у медыцынскіх мэтах.

Ў Японіі Ханкір размаўляла з гейшамі, якія гістарычна выкарыстоўваюць чырвоную падводку для вачэй. Гэты колер сімвалізуе абарону.

Getty Images

У мексікана-амерыканскай культуры падводка для вачэй, паводле яе слоў, з'яўляецца магутным сімвалам культурнай ідэнтычнасці, супраціву і гонару.

Ханкір адзначае, што ў некаторых частках свету — як і ў Старажытным Егіпце — падводку выкарыстоўваюць не толькі жанчыны.

У Чадзе яна правяла час з ваддабэ — качавой групай племені фулані, вядомай сваім штогадовым конкурсам прыгажосці, на якім жанчыны ацэньваюць знешнасць мужчын.

«Бедуінскія мужчыны ў іарданскай Петры наносяць падводку не толькі дзеля абароны ад сонца або як выражэнне сваёй рэлігійнасці: яны таксама цудоўна ведаюць, што яна робіць іх больш прывабнымі», — смяецца яна.

«Гэта яшчэ і абрад пераходу ў дарослае жыццё і знак таго, што мужчына нежанаты», — адзначае Ханкір.

Getty Images

Падводку для вачэй таксама часта наносяць дзецям — практыка, якую некаторыя лічаць ахоўнай.

Больш за тое, у арабамоўных краінах нярэдка людзям даюць імёны кшталту Каджаль або Кахілайн, што адлюстроўвае культурную значнасць падводкі для вачэй.

Ханкір кажа, што прызнанне ЮНЕСКА кохлю культурнай спадчынай «даўно наспела»: такім чынам арганізацыя аддае належнае «супольнасцям Глабальнага Поўдня, асабліва па ўсім арабскім свеце, якія на працягу стагоддзяў захоўвалі і падтрымлівалі гэтую традыцыю, часта насуперак прымусоваму перасяленню, каланіялізму і выціранню культуры».

Але для самой пісьменніцы асабліва важна тое, што нанясенне кохлю злучае яе з уласнай культурай.

«Гэта амаль духоўны акт. Амаль рытуал, калі ты яго наносіш. Гэта нешта значна большае, чым проста правесці лінію па верхнім або ніжнім павеку», — кажа яна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках