Расійскім каналам забаранілі пісаць пра аварыю з удзелам сына Кадырава
2- 18.01.2026, 16:43
- 9,298
Вочаведцы апісвалі стан Адама Кадырава як «жудасны».
Расійскія рэсурсы, блізкія да сілавых структур, атрымалі жорсткі загад ігнараваць ДТЗ у Грозным, у якім сур’ёзна пацярпеў сын кіраўніка Чачні Адам Кадыраў. Як стала вядома праекту «Можем объяснить», на навіны пра здарэнне накладзена забарона ў такіх папулярных рэсурсах, як Mash, Shot і Baza.
Паводле звестак супрацоўнікаў гэтых выданняў, забарона паступіла непасрэдна ад кіраўніцтва. У прыватнасці, галоўны рэдактар Shot Роберт Ключароў заблакаваў любыя згадкі пра аварыю ў аддзеле здарэнняў. Аналагічная сітуацыя склалася ў Mash і Baza.
Аналіз тэлеграм-каналаў пацвярджае інфармацыйную блакаду: Shot, які звычайна імгненна рэагуе на любыя надзвычайныя сітуацыі, апошні раз згадваў сям’ю Кадыравых яшчэ 12 снежня.
Паводле інфармацыі чачэнскай апазіцыі, здарэнне з удзелам картэжу Кадырава-малодшага адбылося ў Грозным.
Вочаведцы апісвалі стан Адама Кадырава як «жудасны». Траўмы аказаліся настолькі сур’ёзнымі, што пасля спроб рэанімацыі ў мясцовай бальніцы яго тэрмінова адправілі спецрэйсам у Маскву, у Боткінскую бальніцу. Судзячы з дадзеных сэрвісаў маніторынгу палётаў, услед за бортам з пацярпелым у расійскую сталіцу вылецеў і сам Рамзан Кадыраў разам з блізкімі.
Чачэнскія ўлады паспрабавалі абвергнуць чуткі пра цяжкі стан Адама, апублікаваўшы відэа з яго ўдзелам на афіцыйным мерапрыемстве ў Грозным. Аднак журналісты высветлілі, што гэта былі так званыя «кансервы» — архіўныя кадры са сустрэчы, якая адбылася задоўга да аварыі.
Адаму Кадыраву ўсяго 18 гадоў, але ён ужо даўно вядомая асоба як у Чачні, так і за яе межамі.