18 студзеня 2026, Нядзеля, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Часовая кіраўніца Венесуэлы фігуруе ў больш як дзесяці расследаваннях па наркатрафіку

9
Часовая кіраўніца Венесуэлы фігуруе ў больш як дзесяці расследаваннях па наркатрафіку
Дэлсі Радрыгес

ЗША маюць падрабязную інфармацыю пра Дэлсі Радрыгес.

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы Дэлсі Радрыгес, якая супрацоўнічае з ЗША пасля выкрадання кіраўніка Нікаласа Мадуры, фігуруе больш як у 15 расследаваннях Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі (DEA). У 2022 годзе яе нават пазначылі як «прыярытэтную мэту» — тэрмін, які ўжываецца да падазраваных са «значным уплывам» на наркатрафік, паведамляе Associated Press са спасылкай на дакументы і праваахоўнікаў.

Калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра затрыманне Мадуры, ён прадставіў Радрыгес як аўтарытэтную лідарку і жаданую партнёрку для стабілізацыі Венесуэлы — краіны, якая сутыкнулася з хаосам праз наркатрафік, карупцыю і эканамічныя праблемы. Наркатрафік з Венесуэлы называлі адной з асноўных прычын аперацыі, а пасля яе правядзення Трамп стаў рэгулярна хваліць Радрыгес.

Аднак DEA сабрала падрабязнае досье на віцэ-прэзідэнтку, уключаючы яе саўдзельнікаў і абвінавачанні — ад гандлю наркотыкамі да кантрабанды золата. Паводле даных аднаго канфідэнцыйнага інфарматара, Радрыгес выкарыстоўвала гатэлі на Карыбскім курорце «як прыкрыццё для адмывання грошай». Летась яна таксама была звязаная з верагодным саўдзельнікам Мадуры, Алексам Саабам, затрыманым у 2020 годзе ў ЗША па абвінавачанні ў адмыванні грошай. Публічна ўрад ЗША ніколі не выстаўляў абвінавачанняў супраць Радрыгес, хоць яна ўваходзіць у блізкае атачэнне Мадуры.

«Цяперашні ўрад Венесуэлы з'яўляецца крымінальна-гібрыдным рэжымам. Адзіны спосаб дасягнуць у ім уладнай пазіцыі — гэта, як мінімум, садзейнічанне злачыннай дзейнасці. Гэта не памылка сістэмы, гэта сама сістэма», — адзначае Стыў Дадлі, суадырэктар аналітычнага цэнтра InSight Crime, які спецыялізуецца на арганізаванай злачыннасці ў Амерыцы.

Падобную ацэнку дае лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада, якая заяўляе, што ў амерыканскай сістэмы правасуддзя «ёсць дастаткова інфармацыі пра Радрыгес».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках