Для расійскіх авіякампаній раскансервуюць старыя самалёты
2- 19.01.2026, 10:27
- 6,410
Выпуск новых лайнераў праваліўся.
Расійскія авіякампаніі ў 2026–2027 гадах атрымаюць раскансерваваныя старыя самалёты для падтрымання растучага пасажырапатоку, паведамілі «Известиям» у «Ростеху». Гаворка пра 12 самалётаў розных тыпаў — дзевяць паветраных суднаў сямейства Ту-204-214, адзін Ан-148 і два Іл-96. Працэс іх аднаўлення распачаўся ў 2022 годзе і на дадзены момант 10 з 12 самалётаў ужо вярнутыя ў строй. Сярод атрымальнікаў паветраных суднаў — Red Wings і іншыя кампаніі.
Паралельна авіяперавозчыкі раскансерваваюць і замежныя самалёты. У прыватнасці, «Россия» плануе павялічыць колькасць эксплуатаваных двухпалубных Boeing 747. Два такія лайнеры, што дасталіся кампаніі пасля банкруцтва «Трансаэро», ужо лётаюць. Паводле слоў крыніцы «Известий» у авіякампаніі, у лістападзе 2025-га адноўлены трэці, 24-гадовы, борт, а чацвёрты плануюць увесці ў строй да 2027 года. Гэтыя самалёты былі пастаўлены на захоўванне ў перыяд пандэміі, а іх рэканструкцыя можа весціся ў «сяброўскіх» краінах, напрыклад у Іране, адзначыў эксперт па пастаўцы складаных тэхнічных вырабаў ООО «Девайс Консалтинг» Антон Блік.
Паводле даных Расавіяцыі на кастрычнік 2025 года, авіяпарк асноўных расійскіх авіякампаній налічваў 1088 паветраных суднаў з 1135 наяўных, прычым 67% з іх — замежнай вытворчасці.
Аднаўленне закансерваваных лайнераў — гэта спроба запоўніць дэфіцыт тэхнікі, які наметыўся, кажа заснавальнік сэрвісу бяспечных палётаў RunAvia, авіяэксперт Андрэй Патракоў. У 2024 годзе на фоне скарачэння авіяпарку была дасягнута мяжа перавозных магутнасцяў: сярэдняя запаўняльнасць месцаў перавысіла 96% у пікавы летні перыяд і 75% у астатні час. Невялікае зніжэнне пасажырапатоку ў 2025-м наўпрост звязана са скарачэннем парку, адзначыў Патракоў.