Еўрапарламент прагаласуе за паскораную працэдуру выдзялення Украіне 90 мільярдаў еўра
- 19.01.2026, 14:24
Ужо заўтра.
У аўторак, 20 студзеня, Еўрапейскі парламент на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу прагаласуе за паскораную працэдуру прадастаўлення Украіне ў 2026–2027 гадах крэдыту ад Еўрапейскага Саюза на суму 90 млрд еўра.
Пра гэта карэспандэнту «Еўрапейскай праўды» паведамілі ў прэс-службе Еўрапарламента.
Еўрадэпутаты 20 студзеня будуць прымаць рашэнне аб тэрміновай працэдуры прыняцця законапраектаў, якія дазволяць прадаставіць Украіне крэдыт ЕС на 90 млрд еўра на працягу наступных двух гадоў.
— У аўторак адбудзецца галасаванне за паскораную працэдуру адабрэння ўзмоцненага супрацоўніцтва 24 дзяржаў-членаў па крэдыце Украіне ў памеры 90 мільярдаў еўра, стварэнне Крэдытнага механізму падтрымкі Украіны на 2026 і 2027 гады, а таксама ўнясенне зменаў у Рэгламент аб Ukraine Facility, — паведамілі ў Еўрапарламенце.
Галасаванне адбудзецца 20 студзеня а 13:00 паводле кіеўскага часу.
Галасы найбуйнейшых фракцый за гэта рашэнне ёсць, таму варта чакаць яго адабрэння.
Далей пачнецца паскораны працэс абмеркавання і зацвярджэння прапанаваных Еўракамісіяй законапраектаў: канчатковыя тэксты павінны быць адобраныя Саветам ЕС і ўхваленыя ў Еўрапарламенце.
Як стала вядома журналістам, найбліжэйшае прадметнае абмеркаванне крэдыту для Украіны на ўзроўні Камітэта пастаянных прадстаўнікоў (Coreper) у Бруселі адбудзецца ўжо ў сераду, 21 студзеня.