У Беларусі забаранілі расійскія джэмы
1- 19.01.2026, 15:32
- 2,276
Што з імі не так?
У Беларусі забаранілі некалькі джэмаў гандлёвай маркі «Прошу к столу!» расійскай вытворчасці — клубнічны, вішнёвы і абрыкосавы. Яны трапілі ў рэестр небяспечнай прадукцыі, цяпер іх забаронена ўвозіць у краіну і прадаваць на яе тэрыторыі.
Мова пра джэмы, вырабленыя расійскай кампаніяй ТАА «Адельдан» па заказе кампаніі ТАА «Гандлёвы дом Прошу к столу» — гэта аптовы пастаўшчык кансерваў па ўсёй Расіі. У Беларусь іх пастаўляе баранавіцкая кампанія «Імпэкспрод».
Прычына забароны — неадпаведнасць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі». У выніку выпрабаванняў у гэтых прадуктах выявілі незаяўленыя і недапушчальныя дабаўкі — кансервант сарбінавая кіслата і некалькі фарбавальнікаў.
Таксама ў маркіроўцы няма надпісу «Утрымлівае фарбавальнік, які можа негатыўна ўплываць на актыўнасць і ўвагу дзяцей» і інфармацыі пра тое, ці стэрылізаваная прадукцыя (паводле інфармацыі вытворцы, стэрылізаваная).
З 14 студзеня 2026 года іх забаронена ўвозіць і прадаваць у Беларусі, а ўжо ўвезеныя трэба із'яць з абарачэння.
Пад аналагічную забарону трапілі таксама вішнёвае павідла, персікавае, вішнёвае і чорнасмародзінавае варэнне гэтага вытворцы.