19 студзеня 2026, панядзелак, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Крах рынку нерухомасці ўдарыў па эканоміцы Кітая

4
NYT: Крах рынку нерухомасці ўдарыў па эканоміцы Кітая
Фота: The New York Times

Продажы новых кватэр апусціліся да мінімуму за 15 гадоў.

У 2025 годзе кітайская эканоміка вырасла на 5 % — дакладна гэтак жа, як і ў 2024 годзе, паведамілі ў Нацыянальным бюро статыстыкі Кітая. Рост забяспечылі пераважна рэкордныя паказчыкі экспарту: гандлёвы прафіцыт краіны дасягнуў $1,19 трлн. Пры гэтым унутранае спажыванне было даволі слабое, у снежні рознічныя продажы ўпалі на 0,1 % у параўнанні з лістападам, што стала найгоршым вынікам з пачатку пандэміі, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).

Галоўнай праблемай для эканомікі стаў крызіс на рынку нерухомасці, які пачаўся чатыры гады таму. Продажы новых кватэр апусціліся да мінімуму за 15 гадоў, а цэны на ўжо пабудаваныя аб’екты рэзка падаюць. З 2021 года кошт жылля знізіўся прыкладна на пятую частку, а паводле неафіцыйных даных падзенне ў некаторых гарадах можа быць удвая мацнейшае.

Крах рынку нерухомасці ўдарыў па зберажэннях мільёнаў сем’яў і па мясцовых бюджэтах; многія гарады залежаць ад даходаў ад продажу зямлі і падаткаў на нерухомасць, каб плаціць заробкі чыноўнікам. Інвестыцыі ў будаўніцтва новых кватэр, офісаў і фабрык у 2025 годзе ўпалі на 3,8 % — першы такі спад з 1989 года.

Шмат якія пакупнікі шкадуюць аб набыцці жылля, а колькасць здзелак замерла: кватэры застаюцца на рынку ў сярэднім 22 месяцы. Попыт падае з-за перанасычэння рынку, а таксама скарачэння колькасці шлюбаў і нараджальнасці, што зніжае патрэбу ў новым жыллі.

Урад спрабуе падтрымаць рынак. Плануюцца меры па ператварэнні непрададзеных кватэр у даступнае жыллё, але мясцовыя ўлады адчуваюць дэфіцыт сродкаў для субсідый. Эксперты адзначаюць, што без буйных зніжак сітуацыя не палепшыцца, а аднаўленне рынку можа заняць гады.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках